Экс-журналісты газеты «Беларусы і рынак» запускаюць новы інтэрнэт-партал
Рэсурс пад назвай belrynok.by пачне працаваць ужо ў панядзелак, 11 мая.
«Мы паспрабуем захаваць калектыў аўтараў і захаваць тое, што мы рабілі ў газеце, – распавядае журналістка Ірына Крыловіч. – Пакуль мы не з’яўляемся СМІ ў поўным сэнсе, ў нас яшчэ няма дакладных абавязкаў. На дадзены момант гэта такая творчая суполка аўтараў. І нашая асноўная ідэя – зрабіць адкрытую пляцоўку для якаснай аўтарскай журналістыкі, для экспертных меркаванняў».
Нагадаем, што з выдання «Беларусы і рынак» сышла большая частка калектыву. Нагодай стала змена акцыянера і галоўнага рэдактара газеты. Выданне пакінулі ўсе вядомыя журналісты: Таццяна Манёнак, Паўлюк Быкоўскі, Аляксандр Алесін, Ірына Крыловіч і іншыя, агулам каля дзесяці чалавек. Па словах журналістаў, ім не падыйшла тая кантэнтная палітыка, якую ім прапанавала новае кіраўніцтва.