У Бабруйску вылучылі дэлегатаў на з'езд ГА “БАЖ” і абмеркавалі планы


18 сакавіка ў Бабруйску прайшоў сход мясцовых сябраў Грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Ад мінскага офіса арганізацыі на ім прысутнічала намесніца старшыні арганізацыі Аліна Суравец.

Фота У. Шарнікава

У бабруйскай суполцы – 14 сябраў. Многія з іх у журналістыцы больш за дваццаць гадоў. Ды і ў арганізацыі ўжо не менш за 15-17 гадоў. Даўно склаўся касцяк актывістаў, якія ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах ГА “БАЖ”, адстойваюць свабоду слова ў горадзе, дапамагаюць маладым калегам рэалізавацца ў прафесіі, абараніць сваё права працаваць журналістам, збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. У асноўным гэтыя журналісты аб'яднаныя вакол інтэрнэт-выдання “Бобруйский курьер”.

На сходзе абмеркавалі дзейнасць суполкі ў мінулым годзе, а таксама план мерапрыемстваў на 2015 год.

Лідар бабруйскіх БАЖаўцаў, літаратар, галоўны рэдактар ​​“Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка распавёў пра ціск з боку міліцыі на маладую журналістку, актывістку ГА “БАЖ” Марыну Малчанаву. Рэдактар лічыць яе пераслед спробай адсекчы маладых журналістаў ад прафесіі.

Нягледзячы на складанасці, летась бабруйскія сябры ГА “БАЖ” не страчвалі актыўнасці – ладзілі трэнінгі, культурныя мерапрыемствы, забяспечвалі прававую дапамогу журналістам і блогерам,  праводзілі сумесныя тэматычныя вечарыны.

На 2015 год таксама запланаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў, удзел у якіх могуць узяць усе мясцовыя БАЖаўцы, а таксама іх калегі з суседніх рэгіёнаў.

У канцы сходу прайшлі выбары дэлегатаў на з'езд ГА “БАЖ”, які адбудзецца 24 красавіка.

Дэлегатамі ад Бабруйска абралі Анатоля Санаценку і Марыну Малчанаву.