Лунінецкая філія прааналізавала працу і вылучыла дэлегатаў на з'езд ГА "БАЖ"
12 сакавіка справаздачна-выбарчы сход адбыўся ў Лунінцы. Сябры ГА “БАЖ” падвынікавалі працу за 3 гады, абралі кіраўніцтва філіі і вылучылі дэлегатаў на будучы з’езд журналісцкага аб’яднання.
Як прагучала ў справаздачы, лунінецкія бажаўцы выступалі ініцыятарамі самых розных міжрэгіянальных мерапрыемстваў, удзельнічалі ў мерапрыемствах, што ладзілі калегі, і ў шматлікіх адукацыйных праграмах і акцыях арганізацыі.
Дысцыплінавасць філіі, устойлівасць традыцый і актыўнасць сябраў арганізацыі з Лунінца адзначыла ў сваёй прамове намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец.
Старшынёй Лунінецкай філіі была пераабрана Святлана Гарда, а яе намеснікам стаў Вадзім Жылко. На з’езд ГА “БАЖ”, акрамя старшыні, прысутныя вылучылі дэлегатамі Андрэя Вышынскага і Андрэя Сыціна.
Пасля сходу сябры падзяліліся творчымі здабыткамі.
Так, Андрэй Вышынскі прэзентаваў свой фотаальбом “Палессе. Людзі. Падзеі”, а Людміла Хмялеўская – зборнік эсэ “Адлюстраванне”. Сцяпан Нефідовіч рыхтуе да друку зборнік “Святло сузор’я Казярога” і прачытаў некалькі вершаў з яго.