Гродзенскія БАЖаўцы вылучылі дэлегатаў на з’езд арганізацыі (ФОТА)


У Гродзенскай суполцы сябраў ГА “БАЖ” 22 студзеня адбыўся сход па вылучэнні дэлегатаў на з’езд арганізацыі, які мае адбыцца ў красавіку 2015 года. Абралі Юлію Катаржынскую, Андрэя Пачобута, Вітаўта Рудніка і Віктара Парфёненку

У Гродзенскай суполцы – каля 40 сябраў ГА “БАЖ”. На сходзе сябры арганізацыі ўдакладнялі склад суполкі, абмяркоўвалі, як не згубіць сувязяў з тымі, хто паехаў працаваць за мяжу.

Планавалі таксама дзейнасць на 2015 год: прэс-туры, навучальныя праграмы, сустрэчы і паездкі. Сярод іншага абмяркоўвалася магчымасць правядзення на Гродзеншчыне карпаратыўнага спартыўна-культурніцкага фэсту “БАЖынкі”, аднак дакладнае месца вызначыць кіраўніцтва арганізацыі бліжэй да лета. Сярод філій з’явілася канкурэнцыя на права прыняць у сябе фэст.

Ад мінскага офіса на сустрэчы прысутнічалі старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літіна і намесніца старшыні Аліна Суравец.


Жанна Літвіна

– Нашы гродзенскія калегі, і я ў гэтым у чарговы раз упэўнілася, – найбольш неабароненыя перад уладамі і чыноўнікамі, – зазначыла ў гутарцы са службай маніторынгу ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. – Сённяшняя сітуацыя на Гродзеншчыне – гэта адсутнасць незалежных выданняў, адсутнасць рэдакцый, у якіх калегі маглі б працаваць. Гэта ўскладняе жыццё. Але сёння я вельмі парадвалася абсалютна канкрэтным планам, звязаным з прафесійным навучаннем, з умацаваннем карпаратыўнай салідарнасці. Проста пабыць разам, абмеркаваць праблемы – вельмі важна. Спадзяюся, што гэтая сустрэча сябраў арганізацыі яшчэ надасць нам узаемнай павагі і паспрыяе нашай салідарнасці.


Аліна Суравец

– Я вельмі цешуся, што гродзенская суполка ажывае пасля перыяду зацішша. Мы ўдакладнілі склад суполкі, адчулі, што людзі зацікаўленыя сустракацца, разам вырашаць пытанні, ладзіць нейкія мерапрыемствы, і гэта нас вельмі абнадзейвае. План дзеянняў ёсць, я бачу гатовасць яго рэалізоўваць – патрэбен толькі чалавек, які будзе “рухавіком”. Я спадзяюся, што кіраўніца суполкі Юлія Катаржынская з гэтай задачай справіцца, а мы будзем ёй усяляк дапамагаць”.


Прамаўляе Віктар Парфёненка


Сябры суполкі галасуюць за кандыдатуры дэлегатаў