Камітэт абароны журналістаў выступіў з заявай, а "Рэпарцёры без межаў" прэзентавалі "Аператыўнае журналісцкае расследаванне" па сітуацыі са СМІ ў Беларусі перад выбарам
(пераклад БАЖ)
16 сакавіка Камітэт абароны журналістаў (CPJ, Нью-Ёрк) выступіў з заявай з нагоды агрэсіі з боку беларускіх уладаў у дачыненні да журналістаў недзяржаўнай прэсы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка. Паводле CPJ, праваахоўныя органы затрымалі на гэтым тыдні чатырох журналістаў, якіх суды пакаралі адміністратыўнымі арыштамі ад 5 да 10 дзён, звінаваціўшы ў хуліганстве.
У гэтым шэрагу арганізацыя ўзгадвае гродзенскіх журналістаў Андрэя Пачобута (якому далі 10 сутак) і Aндрэя Пачобута (5 сутак); Валерыя Шчукіна (7 сутак, Віцебск), Віктара Ярашука (5 сутак, Пінск). Акрамя гэтага, арганізацыя прыгадвае затрыманне накладу "Народнай волі" 14 сакавіка па дарозе са Смаленску ў Мінск.
"Беларускія ўлады вызначылі схему жахлівага ўціску, цэнзуравання, запалохвання прэсы, такім чынам пацвярджаючы, што грамадзяне пазбаўленыя асноўнай інфармацыі пра выбарчую кампанію", - заявіла выканаўчы дырэктар CPJ Эн Купер (Ann Cooper). "Мы патрабуем тэрміновага і безумоўнага вызвалення нашых калегаў, а таксама заклікаем праваахоўныя органы вярнуць затрыманыя асобнікі "Народнай волі". Беларускія ўлады павінныя тэрмінова спыніць кампанію запалохвання ў дачыненні да незалежнай прэсы і дазволіць журналістам свабодна асвятляць выбары".
CPJ таксама занепакоеныя словамі міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, які сказаў, што не можа гарантаваць бяспекі журналістаў у выпадку публічных дэманстрацый у часе выбарчага ўікэнду, і кіраўніка беларускага КДБ Сцяпана Сухарэнкі, які заявіў, што прыхільнікі апазіцыі, якія возьмуць удзел у вулічных акцыях і "дэстабілізуюць сітуацыю", будуць звінавачаныя ў тэрарызме.
16 сакавіка "Рэпарцёры без межаў" распаўсюдзілі "Аператыўнае журналісцкае расследаванне", у якім выклалі сабраныя імі факты ўціску незалежных беларускіх і замежных журналістаў, а таксама апазіцыйных актывістаў з боку дзяржаўных структураў, падначаленых прэзідэнту А. Лукашэнку.
У дакуменце гаворыцца, што "справаздача грунтуецца на звестках, сабраных падчас наведвання Мінску дэлегацыяй "Рэпарцёраў без межаў" з 2 па 7 сакавіка 2006 г. Падчас паездкі эксперты "Рэпарцёраў без межаў" сустракаліся з прадстаўнікамі незалежных СМІ, арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў прэсы, а таксама з актывістамі апазіцыйных рухаў, якія знаходзяцца пад пільным наглядам беларускіх урадавых структураў".
"Напрацягу 12 год свайго панавання рэжым Лукашэнкі амаль знішчыў незалежную прэсу і цалкам зруйнаваў апазіцыйныя СМІ. Паводле Лукашэнкі, інфармацыйныя СМІ з'яўляюцца "галоўным сродкам прасоўвання ідэалогіі і падмуркам дзяржавы".
Дзяржаўная прапаганда стала ўзводзіць паклёп на незалежныя СМІ, называючы іх "нячэснымі". Змагаючыся за чацвёрты тэрмін свайго прэзідэнцтва, А. Лукашэнка ўсталяваў практычна поўны кантроль над прэсай і мэтанакіравана прыціскае сваіх апанентаў.
Як мінімум чатыры замежныя журналісты былі высланыя з Беларусі напрацягу гэтага года. Чатыры іншыя журналісты з Украіны і Польшчы былі арыштаваныя 12-15 сакавіка і асуджаныя на 5 - 10 дзён турэмнага зняволення. У той жа час, прынамсі дзесяць замежных рэпарцёраў, якія жадаюць наведаць Беларусь падчас выбараў, усё яшчэ чакаюць на візы.
2 сакавіка каля дзевяці журналістаў былі арыштаваныя і збітыя паліцыянтамі ў цывільным пад час асвятлення арышту апазіцыйнага кандыдата Аляксандра Казуліна.
Каля 57 тысячаў асобнікаў незалежнай газеты "Народная воля" былі сканфіскаваныя 13 сакавіка, праз тыдзень пасля затрымання 250.000 асобнікаў адмысловага выпуску гэтай газеты з інфармацыяй пра апазіцыйнага кандыдата Аляксандра Казуліна.
Адначасова 13 сакавіка расійская друкарня абвясціла пра скасаванне дамоваў з незалежнымі беларускімі газетамі, якія асвятлялі перадвыбарчыя праграмы апазіцыйных кандыдатаў.
Адэпты савецкіх метадаў КДБ - беларускія спецслужбы - абвясцілі 16 сакавіка пра раскрыццё спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, нібыта спланаванага з дапамогай ЗША".
Анабэль Аркі (Annabelle Arki)
Каардынатар Аддзелу Еўропы і краінаў былога СССР/ Рэпарцёры без межаў
5, rue Geoffroy Marie, 75009 Paris
Tel . + (33) 1 44 83 84 67
Fax + (33) 1 45 23 11 51