Амбасада Чэхіі заявіла, што БТ распаўсюдзіла дэзінфармацыю


20 лютага амбасада Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім выказала глыбокую занепакоенасць з нагоды агучаных беларускім тэлебачаннем "ілжывых сцвярджэнняў і высноваў адносна дзейнасці дыпламатычнай місіі ў Мінску". Ніжэй прыводзіцца тэкст прэс-рэлізу цалкам:

ПАСОЛЬСТВА ЧЭШСКАЙ РЭСПУБЛІКІ
Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

ПРЭС-РЭЛІЗ

Пасольства Чэшскай Рэспублікі выражае сваю заклапочанасць у сувязі з непраўдзівай інфармацыяй, якая прагучала па беларускаму тэлебачанню і якая тычыцца Пасольства ў Мінску.

Беларускае тэлебачанне ў праграме "Панарама" ад 19 лютага распаўсюдзіла непраўдзівую інфармацыю з мэтай дыскрэдытацыі нашай краіны і Пасольства Чэхіі ў Беларусі.

Міністэрства Замежных Спраў Чэшскай Рэспублікі пераклала Рэзалюцыю ААН № 13/2005 на беларускую мову для ўсіх, хто цікавіцца правамі людзей ў Беларусі. Буклеты, паказаныя ў праграме "Панарама" - гэта не "дыверсія", а тэкст, афіцыйна апублікаваны і ўзгоднены Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый.

На жаль, беларускі рэжым валодае дзяржаўнай манаполіяй на распаўсюджванне інфармацыі сярод грамадзян Беларусі. Пасольства хацела б падкрэсліць, што праўдзівая і незалежная інфармацыя з'яўляецца ўмовай дэмакратыі. Яно заклікае беларускае тэлебачанне даносіць да беларускіх людзей аб'ектыўную інфармацыю.

Пасольства настойвае на тым, што яно вядзе празрыстую і адкрытую дыпламатычную дзейнасць, якая заснавана на Венскай Канвенцыі аб Дыпламатычныз Зносінах.

Усе, хто зацікаўлены свабоднай і праўдзівай інфармацыяй, могуць атрымаць буклеты ў Пасольстве Чэхіі, Музычны завулак, Мінск.

Мінск, 20 лютага 2006