Дырэктарка kyky.org пра блякаваньне сайту: «Мы шакаваныя. Гэта грунтуецца на паклёпе Дзіянава»
Дырэктарка заблякаванага ўладамі сайта kyky.org Дар’я Мацявіна ў інтэрвію Свабодзе заявіла, што будзе аспрэчваць несправядлівае рашэньне Мінінфарму.
— Мы дзесьці меркавалі, што такое можа здарыцца, як найгоршы сцэнар. Але спачатку павінна было быць папярэджаньне. Паводле заканадаўства пасьля двух папярэджаньняў сайт могуць заблякаваць ці закрыць. І толькі ў выключных выпадках сайт могуць закрыць без папярэджаньняў.
Мы шакаваныя тым, што адбылося, і цяпер самае галоўнае — аднавіць доступ да сайту і юрыдычна аспрэчыць гэтае рашэньне Мінінфарму.
— А ці вы ведаеце або падазраяце, што так абурыла Мінінфарм?
— Мы мяркуем, што гэта артыкул пра 9 траўня. Мінінфарму не спадабалася трактоўка гэтага сьвята нашым аўтарам. Але гэта нават ня аўтарскі матэрыял, пісаў ня наш штатны аўтар. Гэта рэпост з Фэйсбука. Аўтар нам дазволіў яго перадрукаваць. Гэта суб’ектыўнае меркаваньне аўтара, Аляксандра Кныровіча. Гэта спроба альтэрнатыўнага погляду на падзеі. А нас абвінавацілі ў гістарычным рэвізіянізьме.
Мы ведаем, што гэта адкрыты паклёп Вячаслава Дзіянава, які падбухторваў людзей дасылаць абураныя лісты. Гэта рэакцыя «ваяўнічых ватнікаў», якія шукалі там зьнявагу. Ну, а Дзіянаў яўна працуе на пэўныя структуры, нам варожыя.
А на дэсэрт нам прыпісалі яшчэ і варожасьць да нейкіх рэлігійных канфэсіяў.
— Ці будзеце вы абараняцца, аспрэчваць рашэньне Мінінфарму?
— Канечне. Мы лічым, што гэта скрайне несправядліва. Каб без папярэджаньня... Каб даслалі нам нейкую параду — штосьці зьмяніць на сайце, прыбраць. Мы б адрэагавалі. Мы атрымлівалі інфармацыйны ліст. Але гэта ня тое. Сытуацыя цалкам абсурдная.