Гомельскія фрылансеры абскарджваюць адзін са штрафаў
Наталля Крывашэй і Кастусь Жукоўскі накіравалі 12 чэрвеня ў абласны суд скаргі, у якіх спрабуюць аспрэчыць пастановы суда першай інстанцыі.
5 чэрвеня суд Буда-Кашалёўскага прызнаў іх вінаватымі ў парушэнні арт. 22. 9 ч. 2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”), а фактычна – у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі, і аштрафаваў на 20 базавых велічыняў кожнага (3 млн 600 тыс. рублёў).
Падставай для складання міліцэйскіх пратаколаў стала падрыхтоўка журналістамі відэасюжэту пра знос дамоў у Буда-Кашалёве напярэдадні “Дажынак”. Сюжэт “Замест дома пустка: жыхары вёскі Забалоцце засталіся без даху над галавой" пазней сюжэт з’явіўся ў эфіры тэлеканала “Белсат”.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае журналістам абскарджваць штрафы, кажа, што суддзя ў абодвух выпадках узяў на сябе адказнасць за невыкананне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі і артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх ды палітычных правах.
“Карыстанне правам на свабоду атрымання і распаўсюду інфармацыі можа падлягаюць пэўным абмежаванням, аднак яны павінны быць не толькі прадугледжаны законам, але і з'яўляцца неабходнымі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. Абмяжоўваючы правы журналістаў, суд не змог прадэманстраваць, для дасягнення якой з пералічаных мэтаў ён прыцягвае да адказнасці незалежных журналістаў”, – цытуе праваабаронцу сайт “Гомельская вясна”.
Усяго ў 2015 годзе суды 21 раз штрафавалі журналістаў за парушэнне арт. 22. 9 КаАП. У тым ліку Кастуся Жукоўскага – 5 разоў (і яшчэ адзін раз – за парушэнне арт. 23.34 КаАП), а Наталлю Крывашэй – 3 разы.
На гэтую ж тэму: