Галоўнае напачатку чэрвеня
Рэпарцёры заклікаюць вызваліць узбекскага журналіста Мухамеда Бекжанава
Акадэмічныя свабоды разбураюцца? Летні часопіс “Індэкса цэнзуры”
Шведскія фрылансеры адстойваюць свае аўтарскія правы
Еўрапейскія журналісты пратэстуюць супраць закона аб камерцыйнай тайне
***********
Рэпарцёры заклікаюць вызваліць узбекскага журналіста Мухамеда Бекжанава
“Рэпарцёры без межаў” звярнуліся да ўладаў Узбекістана напярэдадні візіту ў гэту краіну Генсакратара ААН Пан Гімуна. Журналісты і праваабаронцы заклікаюць вызваліць з турмы Мухамада Бекжанава, які знаходзіцца ў няволі ўжо 16 год. 60-гадовы журналіст, бацька траіх дзяцей, Бекжанаў быў асуджаны ў 1999 годзе на 15 гадоў. Тэрмін быў скарочаны, але ў 2012 годзе яму дадалі амаль 5 гадоў турмы за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Журналіст быў падвергнуты катаванням; яму не аказвалі медыцынскую дапамогу, і да яго дагэтуль не дапускаюць адваката. У 2013 годзе Мухамад Бекжанаў быў узнагароджаны прэміяй “Рэпарцёраў без межаў”. Акрамя яго, ва Узбекістане яшчэ восем журналістаў знаходзяцца ў турмах па адвольных абвінавачаннях у рэлігійным экстрэмізме.
Акадэмічныя свабоды разбураюцца? Летні часопіс “Індэкса цэнзуры”
Летні часопіс “Індэкса цэнзуры” разглядае становішча акадэмічных свабод у сучасным грамадстве. Як экстрэмізм уплывае на акадэмічную свабоду выказвання ў ЗША і Вялікабрытаніі; у Турцыі гісторык атрымаў пагрозу жыццю з-за экзаменацыйнага пытання пра рух курдаў; у Ірландыі фінансавы ціск адбіваецца на ўніверсітэтах і даследчыках; у Мексіцы выкрадаюць студэнтаў і разбіваюць акцыі пратэстаў. Таксама часопіс уключае даклады аб сітуацыі і перспектывах для Украіны, Кітая і Беларусі. Можна купіць нумар або падпісацца на часопіс (па-англійску).
Шведскія фрылансеры адстойваюць свае аўтарскія правы
10 чэрвеня ў Мальмё, Швецыя, фрылансеры пратэставалі супраць бясплатнага перадруку іх матэрыялаў са штодзённай газеты “Sydsvenskan” у іншай газеце “Helsingborgs Dagblad”, якую ўласнікі штодзённіка выкупілі ў канцы мінулага году. Больш за 90 журналістаў звярнуліся да мэнэджэраў “Sydsvenskan” з патрабаваннем належнай кампенсацыі за працы фрылансераў і фатографаў. Журналісты лічаць гэта парушэннем іх аўтарскіх правоў. Шведскі саюз журналістаў вядзе перамовы з мэнэджарамі з лістапада, але пакуль безвынікова.
Еўрапейскія журналісты пратэстуюць супраць закона аб камерцыйнай тайне
16 чэрвеня камітэт па юрыдычных пытаннях Еўрапарламента будзе разглядаць праект дырэктывы аб камерцыйнай тайне. “Еўрапейская федэрацыя журналістаў” лічыць, што дырэктыва ўтрымлівае занадта шырокія дэфініцыі і пагражае свабодзе інфармацыі. Вынікам стануць справы супраць журналістаў, прафсаюзаў і праваабаронцаў, калі яны будуць спрабаваць раследаваць і публікаваць карупцыйныя раследаванні; медыцынскія і харчовыя кампаніі змогуць засакрэчваць працэс вытворчасці і склад прадукцыі; у працоўных кантрактах будуць падпісваць агаворку аб ўстрыманні ад канкурэнцыі. Петыцыя “Stop trade secrets” набрала ўжо 200 тысяч подпісаў, сярод падпісантаў – Джым Бумела (МФЖ), Джуліян Асанж, і 65 кіраўнікоў нацыянальных і міжнародных НДА.