Як знайсці тэму для распрацоўкі ў жанры літаратуры фактаў? Не быць “разумнікам” і не брыдзіцца (ПРАЦЯГ)


Войцэх Тохман параўноўвае літаратуру фактаў з дарогай, якая прывядзе невядома куды.

“Літаратура фактаў” – літаратура пакутаў і неспакою (1 частка)

“Ключавыя словы жанра літаратуры фактаў – Я НЕ ВЕДАЮ, – кажа Войцэх Тохман. – Публіцысты ведаюць, яны напішуць, што адбываецца і што адбудзецца. Мы, аўтары літаратуры фактаў, не павінны выступаць “разумнікамі”. Другое – мы не павінны брыдзіцца. Нават калі цяжка, нельга гэтага паказаць свайму суразмоўцу”.

Фота xiegarnia.pl

Як аўтару літаратуры фактаў выбраць тэму для распрацоўкі?  “Я часта паўтараю сваім студэнтам: тэма – гэта тое, што цябе сапраўды цікавіць. Ты павінен ХАЦЕЦЬ напісаць пра гэта. Але трэба мець на ўвазе, што  літаратура фактаў – гэта вельмі цяжкая эмацыйная праца, – кажа Войцэх Тохман. Часам я маю ў сабе прастору, каб умясціць чужыя пакуты, а часам у мяне такой прасторы няма. Я проста чалавек. У мяне таксама ёсць цяжкія моманты ў жыцці”.

Войцэх Тохман называе дзве галоўныя мэты літаратуры фактаў:

- Літаратура фактаў набліжае да нас іншых людзей, гісторыі іх жыцця. Гэта сустрэча з канкрэтным чалавекам у канкрэтным кантэксце. “Напрыклад, зараз вайна ва Украіне ўжо не робіць на палякаў нейкага асаблівага ўражання. Хоць інфармацыі вельмі шмат”, – кажа Тохман. А аўтар літаратуры фактаў здольны паказаць людзей даўжэй, чым 5 секунд. І яны, героі, становяцца больш блізкімі і зразумелымі. “Я хацеў бы паехаць ва Украіне. Мяне гэта вайна вельмі і вельмі хвалюе, хоць  большасць людзей – ужо не”, – кажа Тохман.

- Яшчэ адна функцыя літаратуры фактаў – паказаць тое, што адбываецца “на месцы”. Войцэх Тохман распавядае, як пасля заканчэння ваенных дзеянняў у Босніі ён выправіўся туды ў камандзіроўку. Усе журналісты на той момант ужо згарнуліся і паехалі пісаць пра іншыя войны. А тым часам, паводле Войцэха Тохмана, там пачалася самая драматычная частка вайны. Падчас вайны ў Босніі, як вядома, забівалі ў асноўным мужчын. Іх хавалі ў агульных магілах. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў, разам з судовымі антраполагамі, да гэтых магілаў ішлі жанчыны ў надзеі адшукаць сярод чалавечых парэшткаў сваіх сыноў, братоў, мужоў ці бацькаў, каб пахаваць іх. Гісторыя адной з тых жанчын, мусульманкі Ясны – стала асновай для кнігі Войцеха Тохмана “Як быццам камень ела” (“Jakbyś kamień jadła”). Урыўкі з кнігі ў перакладзе на рускую мову прагучалі на майстар-класе ў Мінску 29 мая.

“У той час штодзённа паказвалі навіны з Босніі. Але большасць людзей ў гэты момант выходзілі зрабіць сябе гарбаты. Але пасля таго, як выйшла гэтая кніжка, я атрымаў безліч сігналаў самага рознага кшталту, – людзі зразумелі, што там на самой справе адбылося, – дзеліцца Войцэх Тохман. – Я пакуль не ведаю такіх гісторый з Украіны. Але я ведаю, што яны ёсць”, – дадае аўтар.

Такім чынам, галоўная тэма літаратуры фактаў, паводле Войцэха Тохмана – гэта пакуты. “Магчыма, недзе існуе пазітыўная, міфічная літаратура фактаў, але пра такія творы адразу ж забываюць. Гэта матэрыял для эмацыйных лянотнікаў, – кажа В. Тохман. – Я думаю, што дабро справіцца і без рэпарцёраў, а зло без нас справіцца яшчэ лепш”.

Фота teatrpolski.wroc.pl

Права на маўчанне? У рэпарцёраў яго няма

Навошта дакументаваць чалавечыя пакуты? “Ці ёсць нешта больш важнае, чым распавесці людзям пра генацыд у Руандзе, вайну ў былой у Югаславіі ці гісторыі сірыйцаў, якія зараз вандруюць у намётах у пустэльні?” – пытаецца Войцэх Тохман. – Ці ёсць нешта важнейшае за тое, што зараз адбываецца ва Украіне, чым гісторыі пра дзяцей, які спяць на ходніках ці на магілах? Ці можам мы маўчаць і не пісаць пра гэта?” Маўчаць нельга. Трэба гаварыць, бо гэтыя гісторыі не толькі паказваюць рэчаіснасць, не бачную большасці людзей, але таксама і засцерагаюць грамадства ад хваробаў і прыкрых з’яваў.

Напрыклад, В. Тохман кажа, што зараз становіцца модным новы накірунак турызму т.зв. poor’ызм (ад анг. poor – бедны). Гэта такое “падарожжа ў нястачу”, калі турысты з багацейшых краін наймаюць гіда, які паказвае найбяднейшыя раёны свайго горада. “Турысты фатаграфуюць жабракоў, не пытаючыся пра згоду, і ўвогуле робяць тое, чаго ніколі ў сябе ў Парыжы ці Варшаве не зрабілі б, – кажа рэпарцёр. – Аўтар літаратуры фактаў можа паказаць, што poor’ызм– гэта кепска. Гэта пагарда. Мы павінны перасцерагчы ад гэтага”.

Жыццё людзей у трушчобах сталіцы Філіпінаў Манілы, без вады і электрычнасці, стала тэмай кнігі Войцеха Тохмана “Элі, Элі”. “Гэта акіян нястачы і безнадзейнасці, бездані без выйсця. Ці маем мы права не ведаць, што такое месца існуе? – задаецца пытаннем Войцех Тохман. – Цягам аднаго года з-за ўжывання забруджанай вады памірае 1,2 млн дзяцей. Большасць з іх – жыхары такіх жа трушчобаў. Адводзіць вочы ад пакутаў гэтых людзей – нядобра”.

У адрозненне ад турыстаў, рэпарцёр заўсёды прадстаўляецца. Ён жыве са сваімі героямі. Ён – не турыст. “Але ёсць прывілей “выйсця”, – я магу вярнуцца ў свой звычайны свет. Не трэба з гэтай нагоды мець пакуты сумлення, – кажа Войцэх Тохман. – Калі досыць урыны і смуроду ад трушчобаў, можна выдыхнуць у халадку кандыцыянераў, і выпіць кавы ў Starbucks’е”.

“Ці крытыкуюць Вас за жахі, пра якія Вы распавядаеце? Як Вы ставіцеся да гэтай крытыкі?” – такія пытанні задалі ўдзельнікі майстар-класа ў Мінску польскаму рэпарцёру. Войцех Тохман адказаў, што, хоць і не часта, але чуе крытыку ў свой бок. “Часам кажуць, што я эпатую пакутамі. А я пытаюся ў адказ: “Ці маю я права замаўчаць тую гісторыую, якую людзі мне распавялі?”. Канешне, мая роля – падаць гэты матэрыял у прымальнай для чытача форме, але я разумею, што не ўсе ў стане гэта прачытаць”, – кажа рэпарцёр.  

Кнігі Войцэха Тохмана цвярэзяць. Зараз журналісты імкнуцца паказаць дзеянне, action, “карцінку”, каб за кароткі час незвычайным відовішчам захапіць увагу як мага большай аўдыторыі. Тым часам, творчасць В. Тохмана і іншых аўтараў жанру літаратуры фактаў паказваюць, што традыцыйная тэкставая падача інфармацыі застаецца неверагодна дзейсным інструментам, а рэпартаж – наймацнейшы сродак раскрыцця тэмы.

Што гэта значыць? Традыцыйныя формы журналістыкі не губляюць сваёй актуальнасці і сілы. Гэтая прафесійная дарога мае будучыню. У свеце тэхналогій у сапраўднага рэпарцёра заўсёды будзе праца.

Больш пра творчасць Войцэха Тохмана можна даведацца на яго персанальным сайце tochman.eu.

Фота instytutksiazki.pl