“Літаратура фактаў” – літаратура пакутаў і неспакою (1 частка)
Па слядах майстар-класу і лекцыі вядомага польскага рэпарцёра Войцэха Тохмана.
Фота mn.ru
В. Тохман працуе ў жанры “літаратуры фактаў”, альбо “літаратуры non fiction”. Непрыдуманыя гісторыі, якія ён распавядае ў сваіх кнігах, адкрываюць глыбокія чалавечыя вымярэнні войнаў, пакутаў, жабрацтва.
Сустрэчу ладзіў “Прэс-клуб Беларусь”, партнёрамі мерапрыемства выступілі ГА “БАЖ”, Інфармацыйны партал TUT.BY, інфармацыйныя партнёры –“Медиакритика”, Hacks/Hackers Minsk, Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў.
У Польшчы паняткі “рэпартаж” і “літаратура фактаў” успрымаюцца як сінонімы і азначаюць жанр журналістыкі, які апісвае сапраўдныя гісторыі і падзеі. У Беларусі гэтыя паняцці разыходзяцца: найбольш вядомымі ў жанры “літаратуры фактаў” з’яўляюцца творы Святланы Алексіевіч, але ў нас яна вядомая як пісьменніца. Таму падчас лекцыі спадар Тохман выкарыстоўваў для жанру, у якім працуе, вызначэнне “літаратура фактаў”.
Фота mojabochnia.pl
Без ілюзій пра аб’ектыўнасць
Рэпартаж прынята лічыць аб’ектыўным (ці набліжаным да аб’ектыўнасці) жанрам журналістыкі. Аднак Войцэх Тохман называе літаратуру фактаў асабістай і суб’ектыўнай. А як жа самі факты?
“Факты ствараюць канструкцыю, а тое, што на ёй трымаецца, – гэта маё ўражанне, – кажа Войцэх Тохман. – Гэта значыць, што я ў гэта веру і гэта распавядаю свайму чытачу. Таму літаратура фактаў – вельмі суб’ектыўная”.
Такім чынам, аўтар гэтага літаратурнага жанру, журналіст-рэпарцёр, павінен прытрымлівацца фактаў. І гэта, паводле Тохмана, цяжкая роля і складаная задача. “Я не магу выбіраць факты. Калі нейкі факт мне не падабаецца, я не маю права яго адкінуць. Усе факты трэба правяраць”, – кажа В. Тохман. На яго думку, аўтар літаратуры фактаў можна выкарыстоўваць інструментарый мастацкай літаратуры, т. зв. літаратуры fiction. “Але аўтар белетрыстыкі, калі яму не падабаецца нейкі персанаж, можа яго забіць ці адправіць у космас. А я, калі так насамрэч не здарылася, не маю на гэта права. Я павінны вытрымаць гэтага героя да канца,” – кажа В. Тохман.
На думку Войцэха Тохмана, аўтарам літаратуры фактаў няма сэнсу канкураваць з журналістамі. “Журналісты маюць магчымасць імгненнай перадачы дадзеных у эфір. Але ці з’яўляецца імгененная трансляцыя навінаў адзіным сродкам перадачы інфармацыі?” – задаецца пытаннем В. Тохман. Ён лічыць, што сюжэты ў навінах увогуле не робяць герояў і падзеі блізкімі да аўдыторыі.
“Усе людзі аднолькавыя”. Майстар-клас
“Цяпер, калі мы маем магчымасць назіраць за падзеямі на іншым баку зямлі, у нас ствараецца ўражанне, што мы пра ўсё ведаем, – кажа Войцэх Тохман. – Можа, і ведаем, але гэтыя веды вельмі павярхоўныя і нязначыня”.
Рэпарцёр тлумачыць: “Уявіце, што мы вечарам дома з сям’ёй і дзецьмі глядзім навіны па тэлевізару. У гэты момант паказваюць мужчыну, які крычыць і трымае нежывое дзіця на руках. Большасць з нас, убачыўшы гэта, здольная адразу ж пайсці, прыгатаваць вячэру і з’есці яе ў тым самым пакоі, – кажа майстар рэпартажу. – Ужо праз некалькі хвілін мы не памятаем пра гэтага мужчыну”.
Чаму так? В. Тохман лічыць, што такая “навінавая” падача матэрыялу пакідае героя безаблічным і чужым. “Чалавек на экране не мае ні мінулага, ні будучыні. Мы ведаем яго 7 секунд. Ён ніхто для нас. Ён не існуе. Немагчыма ўвайсці з ім у хоць нейкі кагнітыўны ці эмацыйны кантакт. Ці кранае нас смерць яго дзіцяці? Не”, – канстатуе Войцэх Тохман.
Калі б гэты герой на экране стаў героем твора В. Тохмана, то першае, што ён зрабіў бы – высветліў, хто гэты чалавек і што з ім здарылася. “Напрыклад, драматычная падзея адбылася з ім а 16-й гадзіне, але цікава, як пачаўся яго дзень – калі ён прачнуўся, чым паснедаў, як адвёў дзяцей у школу, як схадзіў з жонкай у краму і .г.д., – дзеліцца метадам сваёй працы Войцэх Тохман. – Такая інфармацыя кранае людзей, бо яны маюць тыя ж жыццёвыя “струны” і сітуацыі. Яны могуць атаясаміць сябе з гэтым чалавекам. Таксама варта паказаць яго ранейшае жыццё. Кім ён быў? Лекарам, цырульнікам, краўцом? Кожны з нас ведае лекара ці краўца. Літаратура фактаў, якая галоўным чынам гаворыць нам пра чалавечае няшчасце і бяду, паказвае, што ўсе людзі – аднолькавыя. Незалежна ад статусу, ад колеру скуры, веравызнання, людзі перажываюць пакуты аднолькава.”
“Журналісты спяшаюцца, а я – не”. Метад працы аўтара літаратуры фактаў
Падчас падрыхтоўкі кнігі пра генацыд у Руандзе (1994 г.) Войцэху Тохману давялося сустракацца з асуджанымі за шматлікія забойствы. Сустрэцца з гэтымі людзьмі ў турмах і пачуць іх гісторыі рэпарцёру каштавала вялікіх высілкаў. “Я не мог сабе дазволіць глядзець на яго зверху ўніз, з пазіцыі “я маральны, а ты – не”. У гэтым выпадку я б нічога не пачуў”, – кажа сп. Тохман.
Як працаваць у такіх цяжкіх прафесійных абставінах? Як, маючы жывую душу, распытваць чалавека, які забіваў цэлыя сем’і сваіх суседзяў? Войцэх Тохман раіць “ісці ў абход”. “Я амаль ніколі не пытаюся, – гэта мой стыль працы. Я не задаю пытанні ахвярам гвалту, тым, хто выжыў пасля генацыду. Мне нельга рэтраўматызаваць ахвяраў, а калі ёсць такая небяспека, я павінны звесці яе да мінімуму,” – кажа рэпарцёр.
Як тады збудаваць размову? Войцэх Тохман прапануе сваім героям распавесці пра “той час” і пра “сябе ў тым часе.” “Што я атрымоўваю праз гэта? Чалавек пачынае адчуваць сябе ў бяспецы, ён – гаспадар сустрэчы, – кажа Войцэх Тохман, і дзеліцца яшчэ адным сакрэтам. – Мы нікуды не спяшаемся. Журналісты спяшаюцца, а я – не”.
Войцэх Тохман мае сваю асаблівую манеру, выразны план сустрэчы, ён гнуткі і скіраваны на тое, каб пачуць гісторыю. “Я выбудоўваю размову ў залежнасці ад таго, размаўляю я з ахвярай ці са злачынцам. Ахвярам я ніколі не задаю прамыя пытанні: “колькі іх было?”, “як іх звалі?”. Я магу спытацца – “гэта было раніцай ці вечарам?”, – кажа Войцэх Тохман. – Некаторыя жанчыны “кружылі” вакол тых падзеяў, якія зламалі іх жыццё, але канкрэтна пра іх так не распавялі. І я павінен быў гэтае іх жаданне шанаваць. А некаторыя ішлі проста да сутнасці справы”.
Спадар Тохман заўсёды прадстаўляецца і выразна тлумачыць, хто ён такі. Ён павінен быць упэўнены: што яго героі ведаюць, што ён – аўтар літаратуры фактаў. Але імёнаў герояў не называюць, і гэта дае ім адчуванне бяспекі.
Без камеры і дыктафона
Войцэх Тохман не запісвае гутаркі на дыктафон, не робіць відэа і фота. “Прылады для запісу – гэта тое, што паўстае паміж намі, і можа зруйнаваць атмасферу даверу”, – кажа рэпарцёр. Падчас гутаркі ён нават не занатоўвае – толькі слухае. Нататкі В. Тохман робіць пасля сустрэчы, у гатэлі.
“Калі я нешта не запомніў, значыць, гэта не важна”, – кажа ён. Праз некаторы час рэпарцёр можа можа вярнуцца да свайго героя, каб пагаварыць з ім яшчэ. “Я вяртаюся шмат разоў да сваіх суразмоўцаў – праз тыдзень, месяц ці праз тры дні. Нашы размовы вельмі інтэнсіўныя, нават калі ў іх мала словаў. І ў пэўны момант, калі чалавек бачыць мяне ў дзясяты раз, я для яго ўжо знаёмы, блізкі. Але размова – цяжкая справа. Гэта адзін з этапаў дакументацыі. Я павінен быць вельмі добра падрыхтаваны”. Ён ніколі не размаўляе больш за 1,5-2 гадзіны і амаль ніколі не падтрымлівае з гэтымі людзьмі далейшых стасункаў.
Што значыць быць добра падрыхтаваным да размовы паводле В. Тохмана? “Перад падарожжам я збіраю інфармацыю пра краіну і народ, дзе мне давядзецца працаваць. Вывучаю гісторыю, сучасны палітычны стан, колькі людзі зарабляюць, як жывуць, – кажа В. Тохман. – Суразмоўцы вельмі цэняць, калі чалавек з іншай краіны ведае, што яны могуць набыць на сваю пенсію”.
Ён распавёў, што пачынае публікаваць матэрыялы (урыўкі з будучых кніг ці рэпартажы) прыкладна праз месяц пасля камандзіроўкі. “Бо гэтая літаратура павінна быць напісаная. Проза, расповед павінны быць узбагачаны аўтарскім суб’ектыўным бачаннем і эмоцыяй”, – перакананы В.Тохман. Зараз ён вядзе невялікую калонку ў адным з польскіх штотыднёвікаў, але асноўная яго праца – гэта падрыхтоўка кніг.
ПРАЦЯГ БУДЗЕ