“Няскораны Міхаіл Марыніч”
У Мінску прайшла прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча пра былога міністра знешнеэканамічных сувязяў, былога амбасадара Беларусі ў Латвіі, былга палітычнага вязня Міхаіла Марыніча, які пайшоў з жыцця ўвосені мінулага года.
– Лёс Міхаіла Марыніча гераічны і трагічны, павучальны для кожнага з беларусаў. Гэтае выданне рыхтавалася да 75-годдзя Міхаіла. На жаль, 17 кастрычніка мінулага года яго не стала. Ён не паспеў пабачыць кнігу, але паспеў пражыць жыццё, вартае таго, каб пра яго ведалі іншыя, – сказаў у часе прэзентацыі аўтар Аляксандр Тамковіч.
Да прысутных таксама звярнулася ўдава Міхаіла Афанасьевіча Таццяна, якая ледзь стрымлівала слёзы.
– Я ўдзячная ўсім, хто працаваў над кнігай – пісаў, перакладаў, макетаваў. Гэта кніга пра тое, якім павінен быць дзяржаўны службоўца, як ён павінен служыць сваёй краіне. Гэта кніга пра галоўны выбар жыцця, кніга пра пераадоленне. Я спадзяюся, што яна натхніць многіх на пераадоленне і перамогі, – сказала падчас прэзентацыі Таццяна Марыніч.
На прэзентацыю кнігі ў сталічны бізнэс-клуб “Imaguru” сабраліся многія калегі Міхаіла Марыніча па палітычнай дзейнасці, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу на чале з кіраўніцай Прадстаўніцтва ЕС у Мінску спадарыняй Майрай Мора.
Кніга “Няскораны Міхаіл Марыніч” умяшчае ў сябе адразу тры версіі – па-беларуску, руску і ангельску, а таксама мноства фотаздымкаў з асабістага архіву палітыка.