Беларусь засталася на 157-е месцы ў «Індэксе свабоды прэсы»


У чарговым «Індэксе свабоды прэсы», які штогод складае праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», Беларусь засталася на ранейшым, 157 месцы з 180. Гэту пазіцыю Беларусь займае з 2012 года.

Як паведамляе сайт арганізацыі, у тройцы краін-лідараў «Індэкса свабоды прэсы» — Фінляндыя, Нарвегія і Данія. Найгоршая сітуацыя са свабодай прэсы — у Туркменістане, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.

Бліжэйшыя краіны-суседзі Беларусі занялі ў рэйтынгу наступныя пазіцыі: Польшча — 18-е месца (год таму 19-е месца), Літва — 31-е (год таму 32-е), Латвія — 28-е (год таму 37-е ), Украіна — 129-е (год таму 127-е), Расія — 152-е (год таму 148-е).