Навіны партнёраў у траўні


Нямецкія журналісты супраць збору асабістых дадзеных правайдэрамі

У Йемене падчас бамбёжкі загінулі два журналісты

Пуцін засакрэціў інфармацыю пра людскія страты ў спецаперацыях

Для Эрытрэі запусцілі незалежнае радыё

Ангольскі суд абвінаваціў журналіста ў паклёпе на ваенных

ЕФЖ заклікае азербайджанскія ўлады вызваліць сямёх журналістаў

***********

Нямецкія журналісты супраць збору асабістых дадзеных правайдэрамі

Журналісцкія арганізацыі ў Германіі пратэстуюць супраць прапановы ўрада абавязаць тэлекамунікацыйныя кампаніі перадаваць асабістыя звесткі карыстальнікаў уладам з мэтаў нацыянальнай бяспекі. Законапраект абавязвае правайдэраў захоўваць метададзеныя званкоў і Інтэрнэт трафіка на тэрмін да 10 тыдняў. Законапраект робіць выключэнне для захоўвання прафесійнай тайны дактароў, адвакатаў, журналістаў і дэпутатаў, але “Еўрапейская федэрацыя журналістаў” не бачыць варыянтаў, як гэта можа быць выканана на практыцы. На думку нямецкіх журналістаў, законапраект пагражае прафесійнай тайне, прыватнасці і раследчай журналістыцы.

У Йемене падчас бамбёжкі загінулі два журналісты

“Рэпарцёры без межаў” абвінавацілі паўстанцаў-хусітаў у гібелі двух журналістаў падчас авіяцыйнага абстрэлу ў правінцыі Дамар, Йемен. Журналісты былі захоплены 20 мая пасля асвятлення сустрэчы некалькі груп, якія супрацьстаяць паўстанцам. Журналістаў трымалі разам з некалькімі дзесяткамі іншых закладнікаў у сейсмалагічным цэнтры, які быў разбураны паветранымі войскамі кааліцыі на чале з Саўдаўскай Аравіяй. Міністр інфармацыі і некалькі мясцовых СМІ абвінавацілі хусітаў у тым, што яны выкарыстоўваюць грамадзян як жывыя шчыты. У сваю чаргу паўстанцы заявілі, што кааліцыя не размяжоўвае ваенныя і грамадзянскія аб’екты.

Пуцін засакрэціў інфармацыю пра людскія страты ў спецаперацыях

“Камітэт абароны журналістаў” асуджае ўказ прэзідэнта РФ, які накладае тайну на інфармацыю пра страты ў спецыяльных аперацыях, што адбываюцца ў мірны час. Паводле ўказа, людскія страты ў спецаперацыях класіфікуюцца як дзяржаўная тайна, у тым ліку для СМІ і родных загінуўшых, а разгалошванне такой інфармацыі можа карацца, паводле артыкула аб шпіянажы, зняволеннем да 20 гадоў.

Для Эрытрэі запусцілі незалежнае радыё

21 траўня “Рэпарцёры без межаў” запусцілі незалежнае радыё для Эрытрэі з лозунгам “Радыё Эрэна – незалежны голас Эрытрэі”. Станцыя, размешчаная ў Парыжы, вяшчае праз спадарожнік, Інтэрнэт і мабільны сэрвіс. Радыё пазіцыянуе сябе як незалежнае, крытычнае і апалітычнае, журналісты радыё – вядомыя дысідэнты. Праект анансаваны напярэдадні 24-ай гадавіны незалежнасці Эрытрэі ад Эфіопіі. На працягу 8 гадоў Эрытрэя займае апошняе месца ў “Індэксе свабоды прэсы” Рэпарцёраў. У 2001 годзе дыктатар Ісайяс Афеворкі забараніў прыватную прэсу; 11 журналістаў былі арыштаваны, вядома, што сем з іх памерлі ў няволі. У 2009 годзе было прымусова зачынена радыё Міністэрства адукацыі, усе супрацоўнікі былі арыштаваны, 13 з іх правялі пяць гадоў у няволі, хоць ім нават не былі выстаўлены абвінавачанні.

Ангольскі суд абвінаваціў журналіста ў паклёпе на ваенных

У Анголе суд раптам перадумаў і асудзіў журналіста Рафаэля Маркеса Дэмарэ (Rafael Marques de Morais) на 6 месяцаў турмы з двухгадовай адтэрміноўкай па крымінальным артыкуле аб дыфамацыі. Журналіста абвінавацілі ў паклёпе на армейскіх генералаў у яго кнізе “Крывавыя дыяменты: карупцыя і катаванні ў Анголе”. Кнігу загадалі канфіскаваць з продажу. За тыдзень да прысуду абвінавачанні былі знятыя, але пракуратура настойліва аднавіла справу, патрабуючы пакарання ў выглядзе месяца турмы. Кніга была надрукавана ў 2011 годзе ў Партугаліі, расказваючы пра 500 выпадкаў катаванняў і 100 забойстваў, якія выконваліся ці пакрываліся ваеннымі.

ЕФЖ заклікае азербайджанскія ўлады вызваліць сямёх журналістаў

“Еўрапейская федэрацыя журналістаў” накіравала ліст Ільхаму Аліеву, патрабуючы вызваліць 7 журналістаў з турмы. “Іх працяглае ўтрыманне ў турме наносіць вялікую шкоду рэпутацыі краіны і яе памкненням стаць сучаснай, устойлівай дэмакратыяй з міжнароднымі стандартамі ў сферы правоў чалавека і павагай да свабоды выказвання. Адзін толькі арышт чатырох журналістаў напрацягу года, побач са шматлікімі арыштамі актывістаў і адвакатаў, стварае ўражанне, што ўлады ўцягнуты ў намераную кампанію заглушыць крытыку напярэдадні Еўрапейскіх Алімпійскіх гульняў, што маюць адбыцца ў чэрвені”. ЕФЖ заклікае азербайджанскія ўлады вызваліць журналістаў, якіх беспадстаўна пераследуюць за прафесію, і гэтым самым прасігналізаваць сотням журналістам, якія будуць асвятляць гульні, што іх вітаюць, і іх прафесія цалкам паважаецца ў Азербайджане.