У Рызе незалежныя беларускія журналісты выступілі з крытыкай свабоды прэсы ў Беларусі. Мінінфарм даў каментар

belmediaschool.org

У Рызе 19-20 траўня, напярэдадні саміту Ўсходняга Партнёрства, адбылася першая “Канферэнцыя для СМІ”, ў якой узялі ўдзел прадстаўнікі медыяў краін Усходняга Партнёрства – у тым ліку з Беларусі.

На канферэнцыю былі таксама запрошаныя розныя прадстаўнікі беларускай медыясферы - журналісты, медыядаследчыкі, медыятрэнеры, а таксама супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі Беларусі.Канферэнцыя была прысвечана прэзентацыі вынікаў даследвання, праведзенага “Еўрапейскім фондам за дэмакратыю”, з мэтай вывучэння магчымасцяў стварэння альтэрнатыўных рускамоўных СМІ ў краінах Усходняга Партнёрства, а таксама абмеркаванню развіцця СМІ ў рэгіёне Ўсходняга Партнёрства. 

erzy pomianowski

У вітальным слове да ўдзельнікаў Канферэнцыі выканаўчы дырэктар арганізацыі “Еўрапейскі фонд за дэмакратыю” Ежы Памяноўскі адзначыў, што расійска-ўкраінскі канфлікт стаўся тым “незваротным пунктам” для краін Еўрапейскага Саюза ў сапраўдным разуменні тых працэсаў, якія адбываюцца ў Расіі.  У прыватнасці, ён звярнуў увагу на праблему прапаганды ў расійскіх СМІ, якія ствараюць карціну рэальнасці па-за межамі катэгорый “праўды” і “выдумкі”.

Па словах выканаўчага дырэктара фонда, адэкватным адказам у дадзенай сітуацыі з’яўляецца не стварэнне контр-прапаганды, а развіццё якаснай журналістыкі, якая стварае давер аўдыторыі. Ён прадставіў удзельнікам канферэнцыі праект даследвання і галоўныя рэкамендацыі аўтараў. Глядзець відэа выступу цалкам.

На думку аўтараў даследвання, у рэгіёне краін Усходняга партнёрства ёсць патэнцыял для стварэння рускамоўных СМІ, якія б маглі даваць альтэрнатыўны пункт гледжання, чым той, што транслююць прарасійсійскія СМІ. Так, па ацэнках экспертаў, агульная колькасць рускамоўных жыхароў у былых рэспубліках Савецкага Саюза складае больш за 90 млн. чалавек.  Гэтая прастора не з’яўляецца аднастайнай, але сёння ў гэтай прасторы дамінуюць прарасійскія рускамоўныя СМІ, якія транслююць ідэалогію “Рускага свету”.  Гэта дае падставы, лічаць аўтары даследвання, ствараць альтэрнатыўныя рускамоўныя каналы камунікацыі ў гэтым рэгіёне. Канчатковая версія даследвання будзе прадстаўленая ў канцы чэрвеня.

СВАБОДА СЛОВА Ў БЕЛАРУСІ

З дакладам аб стане свабоды слова ў Беларусі выступіла Ж. Літвіна, былая старшыня і сябра Рады кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Litvina2

Па словах спн. Ж. Літвіной, у Беларусі, у адрозненні ад іншых краін Усходняга Партнёрства,  захавалася савецкая спадчына ў выглядзе дзяржаўнай манаполіі на СМІ і агульнага стаўлення да СМІ як да рэтранслятараў дзяржаўнай ідэалогіі.

Жана Літвіна адзначыла, што дамінуючымі медыя ў беларускай інфармацыйнай прасторы з’яўляюцца менавіта дзяржаўныя медыя, якія з’яўляюцца і найбольш устойлівымі дзякуючы тым прэферэнцыям, якія яны атрымліваюць ад дзяржавы. Разам з тым, былая старшыня БАЖа лічыць, што гэта вядзе да аслаблення іхнай ролі ў грамадстве.

Так, падчас расійска-украінскага ваеннага канфлікту цягам першага тыдня дзяржаўныя СМІ Беларусі фактычна маўчалі з прычыны адсутнасці пазіцыі вышэйшага кіраўніцтва краіны. Ў выніку асвятленне падзеяў пераўтварылася ў замоўчванне і адсоўванне тэмаў на перэферыю грамадскай увагі.

Жана Літвіна таксама засяродзіла ўвагу прысутных на праблеме залежнасці беларускай медыяпрасторы ад Расіі.

“Я гэта называю не адчыненасцю, а расчыненасцю беларускай інфармацыйнай прасторы да Расіі ” –  акрэсліла адметнасць беларускіх дзяржаўных медыя былая старшыня БАЖа.

Як вынік такой расчыненасці, больш за 70% беларусаў давяраюць расійскім СМІ і, адпаведна, тым ідэалагічным устаноўкам, якія тыя транслююць. Так, паводле сацыялагічных апытанняў 2014 г., 62% беларусаў падтрымалі прарасійскую пазіцыю ў дачыненні да Крыма.

Дзейсным спосабам супрацьстаяння расійскай прапагандзе, Ж. Літвіна лічыць падтрымку незалежных беларускіх медыя, аўдыторыі якіх найбольш устойлівыя да ўздзеяння расійскіх СМІ. Ж. Літвіна заклікала да падтрымкі незалежных медыяў у Беларусі і краінах Усходняга Партнёрства.

Былая старшыня БАЖа звярнула ўвагу прысутных на тое, што ў Беларусі пачало станавіцца больш жорсткім заканадаўства ў сферы СМІ. Так, з пачатку года былі ўведзены змены ў беларускае заканадаўства, якія фактычна прыроўніваюць любы інтэрнэт-сайт да статуса смі і дазваляюсь абмежаваць (блакаваць) доступ да гэтага сайта, калі будзе палічана, што ягоны змест “супярэчыць дзяржаўным і грамадскім інтарэсам”. 

Яна таксама адзначыла праблему забароны працы журналіста ў Беларусі без акрэдытацыі. Аб’ём штрафаў, якія атрымалі незалежныя журналісты за працу ў Беларусі для замежных медыя за 4 месяцы гэтага году, склаў больш за 5,000 USD. Гэта ўдвая болей за штрафы цягам усяго папярэдняга году.

У сувязі з гэтым Ж. Літвіна агучыла патрабаванне БАЖа  - увядзенне ў Беларусі не дазваляльнага, а ўведамляльнага прынцыпа акрэдытацыі для журналістаў.

Сярод іншых важных праблем для дзейнасці незалежных СМІ ў Беларусі, Ж. Літвіна адзначыла праблему доступа да інфармаціі аб дзейнасці дзяржаўных структур.

У сувязі з агучаным праектам па стварэнні рускамоўных медыя ў рэгіёне Ўсходняга Партнёрства былая старшыня БАЖа адзначыла неабходнасць адаптацыі такога праекта з улікам асаблівасцяў кожнай з краін-удзельніцаў.

Глядзець выступ цалкам

КАМЕНТАР МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ 

Прысутны ў залі прадстаўнік Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Юры Бябешка паспрабаваў аспрэчыць крытыку, агучаную Ж. Літвіной. На ягоную  думку “у Беларусі забяспечваецца поўная свабода на атрыманне інфармацыі грамадзянамі”.

Па ягоных словах, у Беларусі 70% СМІ з’яўляюцца недзяржаўнымі. Ён таксама адзначыў, што згодна з рэйтынгам Міжнароднага Саюза Электрасувязі, Беларусь знаходзіцца на 38 месцы.

Прадстаўнік  Міністэрства інфармацыі пацвердзіў, што практыка абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў з боку Міністэрства інфармацыі ёсць. Паводле ягоных словаў, з пачатку 2014 г. быў абмежаваны доступ да 18 інфармацыйных сайтаў. 15 з гэтых сайтаў займаліся распаўсюдам наркотыкаў, 1 – дзіцячай парнаграфіяй, 2 сайта – выкарыстоўвалі нетабуяваную лексіку.

Армянскі журналіст Ашот Мелікян у сваім каментары заўважыў, што ў Арменіі Міністэрства інфармацыі было даўно ліквідаванае праз увядзенне сістэмы самарэгулявання медыяў.

ДЫСКУСІЯ БЕЗ ПАЧАТКУ І ПРАЦЯГУ

Каментар прадстаўніка Міністэрства інфармацыі не перайшоў у фармат дыскусіі. Пасля завяршэння секцыі Канферэнцыі радыё “Свабода” запрасіла Юрыя Бябешку на інтэрв’ю для працягу дыскусіі аб сітуацыі ў Беларусі. Той нібыта пагадзіўся, але ўрэшце на размову не прыйшоў.

WP_20150520_016

На здымку: супрацоўнік Радыё “Свабода”, Жана Літвіна, Святлана Калінкіна чакаюць прадстаўніка Міністэрства інфармацыі.