“Рэпарцёры без межаў” шакаваныя беларускімі рэаліямі
“Рэпарцёры без межаў” былі шакаваныя навіной, што Міністэрства інфармацыі нядаўна ўручыла шэраг узнагарод у Беларусі – “краіне, дзе пераважае цэнзура і стан незалежных СМІ выклікае трывогу”.
Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, апублікаванай на сайце арганізацыі 13 мая.
Гаворка ідзе пра выставу “СМІ ў Беларусі”, якую праводзілі Міністэрства інфармацыі і Міністэрства замежных спраў 5 – 7 мая пад лозунгам “Слова на службе міру”.
Відавочна, міжнародная арганізацыя сачыла за афіцыйнымі навінамі з Беларусі: “Намеснік інфармацыі Ігар Луцкі ўзнагародзіў прызамі некалькі рэспубліканскіх СМІ. Журналісты з навінавага агенцтва БелТА атрымалі прыз “Лепшы рэпарцёр”, “Лепшы фотарэпарцёр” і “Лепшы вэб-калумніст”. У артыкуле пра ўзнагароду БелТА паведамляе, што яе адзначылі за “сумленную і плённую працу ў сферы СМІ і за значны ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі”. Віншуючы прызёраў, Луцкі адзначыў, што “прэса і інфармацыя маюць асаблівае значэнне ў сённяшнім свеце””, – пішуць аўтары заявы.
Арганізацыя “не падзяляе гэтага энтузіязму ад узнагародаў, улічваючы катастрафічны стан незалежных СМІ ў Беларусі і ўзровень інтэрнэт-цэнзуры пасля прыняцця драконаўскіх законаў”.
“Не згадваўся пераслед незалежных журналістаў, якім адмаўляюць у акрэдытацыі і якія падвяргаюцца бясконцаму адміністрацыйнаму пераследу”, – пішуць “Рэпарцёры”, прыводзячы ў якасці “нядаўняй ахвяры” Вольгу Чайчыц, якую будуць судзіць за працу без акрэдытацыі на “Белсат”.
Арганізацыя заклапочаная таксама справай Аляксандра Алесіна – журналіста, якога абвінавачваюць “у супрацоўніцтве з замежнай выведкай”, і заклікае ўлады зняць абвінавачанні супраць яго.
Беларусь знаходзіцца на 157-ым месцы са 180 краін у рэйтынгу Свабоды прэсы “Рэпарцёраў без межаў”, – нагадваюць аўтары заявы.