3 мая - Сусветны дзень свабоды прэсы


Як адзначалася міжнароднае свята ў розных краінах і арганізацыях.

У 2015 годзе асноўнае святкаванне Сусветнага дня свабоды прэсы адбылося 3 – 4 мая ў Рызе. Ключавая тэма – “Няхай квітнее журналістыка! Да лепшага асвятлення, гендарнай роўнасці, бяспекі СМІ ў лічбавую эпоху”. У 2015 годзе прэмія ЮНЭСКА імя Гільерма Кана прысуджана Мазэну Дарвішу, сірыйскаму журналісту і грамадскаму актывісту, што з 2012 года знаходзіцца пад арыштам.

“Для таго, каб свет быў трывалым, а развіццё – устойлівым, неабходна забяспечыць выкананне правоў чалавека. Кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, выкарыстоўваючы для гэтага любыя сродкі інфармацыі, анлайн і офлайн. Якасная журналістыка дае грамадзянам магчымасць прымаць абгрунтаваныя рашэнні наконт развіцця свайго грамадства. Яна таксама займаецца выкрыццём несправядлівасці, карупцыі і злоўжывання ўладай. Для выканання гэтай задачы журналістыка павінна мець магчымасці паспяхова развівацца ў спрыяльным асяроддзі, дзе журналісты змогуць працаваць незалежна ні ад каго, без неапраўданага ўмяшальніцтва звонку і ва ўмовах бяспекі”.

Вытрымка з Сумеснага паслання Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна, Генеральнага дырэктара ЮНЭСКА Ірыны Бокавай, Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН Зэйда Раада Аль-Хусэйна

“Самая вялікая небяспека свабодзе слова зыходзіць ад урадаў, якія, відаць, турбуюцца пра бяспеку. Пасля нападу на парыжскі офіс адзінаццаць міністраў унутраных справаў з еўрапейскіх краін (сярод іх — Францыя, Брытанія і Германія) зрабілі заявы, у якіх заклікалі інтэрнэт-правайдараў выдаляць кантэнт, які “правакуе нянавісць і тэрор”. Такія водгукі з боку ўрадаў падаюцца нам жахлівымі, бо яны патрабуюць ад нас самацэнзуры. Але для таго, каб цалкам рэалізоўваць свабоду слова, людзі мусяць мець магчымасць камунікаваць паміж сабой, не баючыся ўмяшання з боку дзяржавы. Згодна з міжнароднымі законамі, права на свабоду слова абараняе выказванні, якія камусьці могуць падацца абразлівымі, шакавальнымі ці трывожнымі. Свабода слова азначае, што тыя, хто адчувае сябе абражанымі, могуць у адкрытай дыскусіі ці праз мірны пратэст аспрэчваць выказанае”.

З сумеснай заявы міжнародных арганізацый (у тым ліку “Індэкс цэнзуры”, “Артыкул 19”, ПЭН), пераклад ПЭН

Па ўсім свеце праходзяць канферэнцыі, лекцыі, кампаніі, прымаюцца заявы, прысвечаныя Дню свабоды прэсы. Напрыклад, у Малдове пачаўся месяц медыйнай граматнасці ва ўніверсітэтах. У Румыніі прэзентаваны даклад па сітуацыі са свабодай слова. У Швецыі праведзены семінар па свабодзе СМІ, у Катары – форум “Аль-Джазіры” з удзелам Джыма Бумелы (прэзідэнта МФЖ) і інш.

Сетка IFEX падрыхтавала мапу з найбольш гучнымі парушэннямі свабоды прэсы за апошні год. ЕФЖ прыцягнула ўвагу да справаў тых журналістаў, якія доўгі час застаюцца ў турме за сваю прафесійную дзейнасць. DW Akademie апублікавала мапу свабоду СМІ Media Freedom Navigator (заадно можна прайсці тэст на веданне рэйтынгаў свабоды СМІ) і абвесціла прызы конкурса анлайн-актывізму The Bobs. “Сусветная асацыяцыя газет і выдаўцоў” запусціла сайт http://softcensorship.org/, дзе збірае выпадкі цэнзуры ў выглядзе непрамога ўздзеяння (праз заканадаўчыя механізмы, эканамічны ціск, карупцыю і г.д.)

***********

Сусветны дзень свабоды прэсы заснаваны ў 1994 Генасамблеяй ААН. Дата 3 мая прымеркаваная да Віндхукскай Дэкларацыі, прынятай на семінары па развіцці незалежнай афрыканскай прэсы ў Віндхуку (Намібія) у 1991 годзе.

У 1991 годзе Генеральная канферэнцыя ЮНЭСКА прыняла рэзалюцыю “Аб садзейнічанні свабодзе друку ва ўсім свеце”, паводле якой свабодная, плюралістычная і незалежная прэса з’яўляецца неад’емным складнікам дэмакратычнага грамадства.

Штогод 3 мая з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы публікуецца пасланне Генеральнага сакратара ААН. З 1997 года 3 мая прысуджаецца прэмія ЮНЭСКА імя Гільерма Кана.