Вікторыя Раманюк: “У гульневай форме нашы студэнты вучаць дзяцей глядзець тэлевізар”
Прапаганда і інфармацыйная вайна. Ва Украіне ўжо год гэта тэма не сыходзіць з журналісцкіх абмеркаванняў ды з праграм розных грамадскіх мерапрыемстваў. Чарговая дыскусія прайшла 26-27 сакавіка ў Львове.
ІІ Міжнародны студэнцкі медыясімпозіум “Пераасэнсаванне медый як супрацьдзеянне прапагандзе” арганізавалі Школа журналістыкі Украінскага каталіцкага ўніверсітэта (УКУ) супольна з праектам MYMEDIA. Пра новыя выклікі для журналіста ды асаблівасці прафесійнай адукацыі – у гутарцы з кіраўніцай магістарскай праграмы медыякамунікацыі УКУ Вікторыяй Раманюк спецыяльна для baj.by.
Фота: Олександр Ласкін, facebook.com/ukumediacom
– Вікторыя, як апошні год паўплываў на работу журналісцкай школы УКУ?
– Сёлета мы асабліва запрашалі абітурыентаў з усходніх рэгіёнаў, з Крыму. Сказаць па шчырасці, размаўляць з імі было страшна. Усе гэтыя інфармацыйныя працэсы ў лічаныя дні і месяцы змянілі стасункі ў сем’ях, з сябрамі. Учорашнія сваякі і прыяцелі сталі ворагамі. Мы сутыкнуліся нават не з прапагандай, а з вельмі жорсткімі працэсамі, што адбываюцца ў неправамерных формах. Распяты хлопчык, снегіры і гэтак далей… Здавалася б, для здаровага чалавека гучыць смешна, але гэта пераўтварылася ў штодзённую плынь інфармацыі з разнастайных каналаў. Гэта страшней за рэальную вайну з крывёю і забітымі, бо мы можам абвесціць мір, але інфармацыйную вайну мы не спынілі.
Чаму гэта адбылося? Як гэтыя механізмы працуюць? Ідэя медыясімпозіуму акурат была ў тым, каб сабраць студэнтаў з усіх куткоў Украіны, замежжа і разам прагаварыць гэтыя праблемы. Сёння мы скардзімся, аднак не разумеем, што рабіць і як змагацца. Мы атрымалі больш за 50 заявак на ўдзел у медыясімпозіуме. Мы заявілі менавіта студэнцкі фармат, бо хочам пабачыць чыстае гнуткае мысленне.
Канферэнцыя мае дзве панэлі: “Медыякрытыка і журналістыка ва ўмовах крызісу” і “Прапаганда: ад асэнсавання да супраціву”. Безумоўна, прадмет нашай гутаркі – прапаганда як з’ява. І разам з тым мы не можам адкінуць аспект медыякрытыкі, медыяадукацыі і медыяпісьменнасці.
– Ці так я разумею, што гаворка ідзе пра медыяпісьменнасць не толькі студэнтаў-журналістаў і прафесіяналаў, але пра ўсеагульную? Як гэтага можна дасягнуць?
– Яшчэ гады два таму ідэя ўвядзення ва ўкраінскіх школах курса “Медыяпісьменнасць” гучала як утопія. Зараз гэта – неабходнасць. Мы праводзім курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў агульнаадукацыйных школ па медыякультуры і медыяпісьменнасці. У нас была серыя такіх заняткаў для педагогаў са Львова і Львоўскай вобласці.
У школах гэты прадмет чытаецца раз на тыдзень – за месяц вучань мае праслухаць 4-5 лекцый. За два дні разам з настаўнікамі мы прапрацоўвалі змест і форму заняткаў. Ведаеце, што мяне найбольш здзівіла ў такой працы? Відавочных рэчаў – уплыў рэкламы, будова выпуска навін – нават настаўнікі не разумеюць. Што ж казаць пра дзяцей?
Нашы студэнты журналістыкі і медыякамунікацыі ў рамках праекта MYMEDIA праводзілі трэнінгі для школьнікаў. У гульневай форме яны вучылі дзяцей, як глядзець тэлевізар, што там можна пабачыць і як гэта ўсё правільна трактаваць. Таксама мы праводзім школы медыяактыўнасці.
Думка пра тое, што мы ўсё можам, рэалізавалася: можам выйсці на плошчу, адстаяць сваё меркаванне, напісаць што заўгодна ў інтэрнэце. У гэтым наша сіла і бяда. Непрафесійныя дзеянні медыяактывістаў, якія кажуць, пішуць і паказваюць усё, што думаюць, – шкодзяць. Па сваёй “дабрыні” ці неразуменні людзі разгалошвалі інфармацыю пра перамяшчэнні войска, вяртанне салдат дадому. У нас была група студэнтаў з Сум, што пад час Майдану стварыла сваё тэлебачанне “СумыLive” (http://sumylive.com/). Пад час самых гарачых падзей цэнтральныя каналы звярталіся да іх па матэрыялы. Пакуль журналісты звяртаюцца ў рэдакцыю абласнога тэлебачання, пакуль рэдактар падумае, выпіша камеру – тыя маладыя людзі ўзялі тэлефон, планшэт і пабеглі на месца падзей. Калі адбываліся вобшукі, арышты, яны прыходзілі і казалі: “Мы будзем суправаджаць”, усё здымалі і тут жа выкладалі ў сеціва. Яны адмыслова прыехалі да нас, каб вучыцца. Мы перажылі гэту стыхію – інфармацыйны нон-стоп з усіх месцаў Украіны. Зараз трэба выходзіць на новы ўзровень. Грамадскім актывістам мы казалі: 4000 фрэндаў на “Фэйсбуку” – гэта аўдыторыя маленькай вясковай газеты. Людзі маюць адчуваць адказнасць за тое, што пішуць.
– З Вашага досведу, якіх спефічных навыкаў ад журналіста вымагае інфармацыйная вайна?
– Для Украіны стала абсалютна новай з’явай ваенная журналістыка: у нашай краіне не было вайны з часоў Другой Сусветнай. Вельмі важна разуменне каналаў праверкі і перадачы інфармацыі. Мноства этычных аспектаў, пра якія зараз шмат гавораць. Работа з дзецьмі, жанчынамі на акупаваных тэрыторыях, у псіхалагічна напружанай атмасферы. Да таго ж, зараз праходзіць шмат трэнінгаў па грамадзянскай абароне. Для журналістаў яны абавязковыя. Я мяркую, мы даволі хутка вучымся прыстасоўвацца да новых умоваў. Журналісты год таму і журналісты сёння – гэта розныя паводле ўзроўню ведаў і навыкаў спецыялісты.
– Як Вы бачыце будучыню журналісцкай школы ва Украіне?
– Свет да войнаў і пасля войнаў – гэта два розныя светы. Медыясвет у тым ліку. Ніхто не ведаў, што будзе такая сітуацыя. На Майдане ўсе спадзяваліся, што гэта скончыцца і пачнецца жыццё. Мы сутыкнуліся з новымі выпрабаваннямі. Мне цяжка прадбачыць, бо жыццё паказвае, што прагнозы часта не спраўджваюцца. Мы, журналісты, павіныя быць вельмі гнуткімі і хутка рэагаваць на такія змены. Трэба ведаць замежныя мовы, тэхнічныя навінкі, прававыя аспекты. Як бы гэта старамодна ні гучала, я лічу, што журналісту важна заставацца чалавекам. Хоць бываюць такія заклікі – маўляў, на вайне мы маем па-вайсковаму паводзіць сябе. Мы ніколі не павінныя адыходзіць ад універсальных стандартаў журналістыкі, якія складаліся стагоддзямі. Гэта мае быць нязменным, а ў астатнім журналіст мае быць гнуткім.