Каця Гарчынская: “Журналістыка – першы чарнавік гісторыі”
Беларускія журналісты могуць стаць паспяховымі аўтарамі вядучых англамоўных выданняў. Каб зрабіць гэта хутка і эфектыўна, трэба ўлічыць асаблівасці працы заходніх СМІ.
Майстар-клас “Журналістыка па заходніх стандартах – цяжкасці перакладу, ці іншая філасофія?” правяла ў Мінску Каця Гарчынская, намесніца галоўнага рэдактара англамоўнага ўкраінскага выдання KyivPost, карэспандэнтка The Wall Street Journal, The Financial Times ва Украіне. Сустрэчу ладзіў “Прэс-клуб Беларусь”, партнёрамі мерапрыемства выступілі ГА “БАЖ”, інфармацыйны партал TUT.BY і рэсурс Mediakritika.by
Вядомая ўкраінская журналістка прыехала ў Мінск падзяліцца сваім досведам працы на замежныя рэдакцыі, а таксама на KyivPost – украінскую газету з анлайн-версіяй, якая імкнецца працаваць па стандартах англамоўнай журналістыкі.
Паводле Каці Гарчынскай, праца журналіста ў вялікім выданні ці інфармацыйным агенцтве пачынаецца з прачытання Style book’а.
Style Book: навошта ён рэдакцыі?
Гэта дакумент, які ўтрымлівае каштоўнасці і прынцыпы агенцтва, рэгулюе правілы падачы інфармацыі, працу з крыніцамі, правілы выкарыстання фота- і відэаматэрыялаў, унутрырэдакцыйныя правілы (у тым ліку парадак вырашэння канфліктных сітуацый) і інш. “Style Book рэгулюе ўсе тэхнічныя моманты напісання артыкула. Яны ўніфікаваныя. Таму журналісту не трэба кожны раз вынаходзіць ровар,” – кажа Гарчынская.
Style book, як правіла, знаходзіцца ў адкрытым доступе і ўвесь час дапаўняецца. Украінская журналістка прывяла ў прыклад Style book агенцтва Associated Press, які падрабязна апісвае правілы працы з крыніцамі, якімі кіруецца агенцтва. Style Book “The New York Times” рэгулюе ў тым ліку і працу рэкламнага аддзела. “Некаторыя рэдакцыі заходніх СМІ маюць пасаду журналісцкага амбудсмена. Гэта чалавек, які вырашае як канфлікты ўнутры рэдакцыі, так і знешнія пытанні”, – кажа К. Гарчынская.
Fact Checking: дакладнасць перадусім
Паводле журналісткі, больш за ўсё сілаў і часу журналістаў у заходнім СМІ займае не напісанне артыкула і не збор інфармацыі, а Fact Checking – праверка фактаў, выкладзеных у артыкуле. “Нават калі інфармацыя выглядае як навіна, яе трэба пацвердзіць – званіць, шукаць і правяраць, – гаворыць журналістка. – Нават вопытныя журналісты блытаюць узрост, абставіны, лічбы”. Па словах К. Гарчынскай, журналісты ў нашым рэгіёне могуць лічыць, што “зрабіў памылку – і ладна”. А для заходніх СМІ дакладнасць фактаў – гэта ключавы момант. “Што друкуецца на другой паласе “The New York Times”? Правільна, выпраўленне памылак”, – кажа К. Гарчынская.
Што лічыць памылкай у журналісцкай працы? Паводле К. Гарчынскай, памылка ў журналістыцы – гэта недакладная інфармацыя: ад лічбаў і фактаў да няправільнай інтэрпрэтацыі словаў, падзеяў, каментароў. “Калі вы інтэрпрэтавалі выказванне вельмі радыкальна, а чалавек настойвае, што не меў гэтага на ўвазе – гэта нагода для выпраўлення, – кажа журналістка. – Я не ведаю ніводнага выдання ва Украіне, якое б выбачалася за памылкі”.
Copyright. Тэкст і фота: як не парушыць правілы?
Шанаванне правілаў аўтарскага права – непарушная каштоўнасць заходніх выданняў. Самая вялікая спакуса для сучасных медыя – размясціць інфармацыю з іншай крыніцы ў сябе на сайце і стаць агрэгатарам. Паводле К. Гарчынкай, “агрэгаваць” інфармацыю дапушчальна, але ёсць жорсткія правілы. На сайце KyivPost, напрыклад, змяшчаецца загаловак, затым дадзеныя крыніцы інфармацыі і 500 знакаў (ці каля 100 слоў) тэкста, актыўная спасылка на першакрыніцу. “Так, карыстальнік сыходзіць з нашага сайта, але мы не парушаем аўтарскіх правоў. І гэта вельмі правільна,” – гаворыць К. Гарчынская.
Асаблівасць выкарыстання фотаматэрыялаў: KyivPost карыстаецца некалькімі пакетамі падпіскі на фота. Але пры гэтым выданне мае абмежаванні на перадрукоўку фота і вызначаную квоту на іх выкарыстанне – не больш таго, за што заплачана. Газета плаціць розны кошт за фотаздымкі, размешчаныя ў друкаванай версіі і анлайн. “За неправамерную перадрукоўку фота на Захадзе можна падаваць у суд,” – гаворыць намесніца рэдактара KyivPost.
Цікава, што газета ніколі не друкуе фота без тлумачэння. Па словах К. Гарчынскай, яны выкарыстоўваюць два віды подпісаў пад фотаздымкамі: caption (анг. - “загаловак”), змяшчаецца ў правым верхнім куце фотаздымка і cutline (анг. - “подпіс пад ілюстрацыяй”), ніжні левы кут. Падпісваць фота ў заходніх СМІ, паводле К. Гарачынскай, прынята ў фармаце “5w”. Гэта адказ на пяць пытанняў: Who? What? Where? When? and Why? (Хто? Што? Дзе? Калі? і Чаму?) “Подпіс да фота – гэта маленькая гісторыя”, – гаворыць Каця Гарчынская.
“Перыядычна мы выкарыстоўваем абстрактныя фота ці фота з архіва, але мы абавязкова тлумачым, чаму выкарыстаны менавіта гэты фотадымак і што ён значыць. Напрыклад, да аднаго з матэрыялаў KyivPost выкарыстала фота, дзе на фоне банера міністэрства стаіць мікрафон. Рэдакцыя патлумачыла чытачам: гэтае фота значыць, што ў кабміна, а таксама і ў іншых дзяржаўных ведамстваў ёсць сур’ёзныя праблемы з камунікацыяй”, – гаворыць намесніца рэдактара KyivPost.
Ананімная крыніца: выкарыстаць ці ігнараваць?
Сусветныя лідары медыярынку не выкарыстоўваюць ананімныя крыніцы ў прынцыпе. Гэта правіла. Аднак ва Украіне зараз ідзе вайна, і таму, паводле К. Гарачынскай, здараюцца выпадкі, калі рэдакцыя бярэ пад увагу інфармацыю, крыніца якой не жадае раскрываць сябе. “Але ў гэтым выпадку трэба ўказаць, што гэтая крыніца настолькі праўдзівая, наколькі гэта магчыма, і патлумачыць, чаму яна хоча застацца ананімнай”, – гаворыць К. Гарчынская.
Рэдакцыя ніколі не спасылаецца на інфармацыю толькі з адной ананімнай крыніцы, а шукае пацвярджэння ад іншых. Такі спосаб працы з крыніцамі рэдакцыя KyivPost выкарыстала пры падрыхтоўцы артыкула пра алкагалізм ва ўкраінскай арміі.
Суб’ектыўная журналістыка: ілюзія ці трэнд?
Паводле К. Гарчынскай, у нашай журналісцкай традыцыі існуе ілюзія наконт вялікай важнасці суб’ектыўнай журналістыкі і асабістага меркавання журналіста. “Тыя, хто так лічыць, як правіла, называюць заходнюю журналістыку “сухой” і залішне факталагічнай”, – гаворыць К. Гарчынская. Тым часам, у заходней прэсе журналістыка меркавання таксама мае месца. “Але ўсё, што з’яўляецца асабістым меркаваннем журналіста, змяшчаецца ў раздзеле “Меркаванні”. Прычым, рэпарцёры і журналісты ў раздзеле “Меркаванні” могуць пісаць на адну і тую ж тэму, аднак яны прымаюць рашэнне незалежна адзін ад аднаго, у іх могуць быць розныя павесткі дня, і яны могуць увогуле не перасякацца”, – гаворыць Каця Гарачынская.
Фармат QA: экспертыза ці лянівая журналістыка?
Што такое QA? Гэта форма інтэрв’ю ў выглядзе “пытанне-адказ”, якая вельмі распаўсюджаная ў нас і амаль не выкарыстоўваецца ў заходняй англамоўнай журналістыцы. Каця Гарчынская паведаміла, што ў KyivPost, як і ў большасці заходніх выданняў, інтэрв’ю – не журналісцкі жанр, а спосаб збору інфармацыі. Таму, калі герой сустракаецца з журналістам і дае яму інтэрв’ю, гэта не значыць, што расшыфроўка гутаркі будзе надрукаваная ў газеце. Рэдакцыя можа ўвогуле не скарыстацца гэтым матэрыялам, калі ў ім няма інфармацыйнага зерня ці фактаў, важных для даследавання.
“Фармат QА часам выкарыстоўваецца на захадзе, але не для таго, каб прадаставіць слова канкрэтнаму спікеру, а каб даследаваць тэму з розных бакоў. Напрыклад, ліхаманка Эбола. Артыкул можа называцца “Усё, што вы хацелі ведаць пра Эболу” і змяшчаць пытанні і адказы розных спецыялістаў па тэме, – гаворыць Каця Гарчынская. – Але у нас у фармаце QА прынята вывальваць на чытача інфармацыю без background’a (анг. – “умова, перадумова, зыходныя дадзеныя”) і дадатковых звестак. Гэта проста расшыфраваны тэкст. Гэта лянівая журналістыка, і, на мой погляд, з гэтым трэба змагацца”.
Як знайсці тэму для артыкула?
“Тыповы адказ на гэта пытанне – “сяджу і думаю”, – кажа К. Гарчынская. – А трэба хадзіць і размаўляць...”
Дзе браць ідэі?
Падчас майстар-класа Каця Гарчынская падзялілася спосабамі пошуку тэмаў, якія выкарыстоўваюць журналісты заходніх СМІ.
News. Канешне, калі мы чытаем навіну, гэта значыць, яна ўжо адбылася. Але, нягледзячы на гэта, навіны – адна з самых асноўных крыніцаў тэмаў. Самая тыповая форма выкарыстання навінаў – гэта рэакцыя.
Reaction Story. Любая падзея мае мэтавую групу, на якую яна ўплывае. Даследаванне гэтай групы і ўплыву стварае шмат тэмаў для напісання артыкула.
Umbrella report. Матэрыял, які абагульняе ўсе дробныя навіны, у тым ліку і гісторыі-рэакцыі і інфармацыю пра герояў.
Каця Гарчынская ўзгадала падзеі Майдана, калі, па яе словах, кожны ўдзельнік з’яўляўся ньюсмэйкерам. “Матэрыялы пра Майдан розніліся – ад апісанняў абаронных канструкцый па перыметры Майдана да сутнасці палітычных працэсаў, якія там адбываліся, – гаворыць К. Гарчынская. – Падчас комплексных падзеяў, з вялікай колькасцю складнікаў, журналісты, акрамя фактаў, павінныя апісаць трэнды і адказаць на пытанне “чаму гэта адбываецца?” Бо журналістыка – гэта першы чарнавік гісторыі”.
Friends and family. Каб знайсці добрую тэму для артыкула, Каця Гарчынская раіць распытаць сваіх сяброў і сям’ю пра тое, што іх хвалюе. “Ігнаруючы гэтую крыніцу, мы прапускаем вялікую колькасць тэмаў і нагодаў, бо асабістая гісторыя заўсёды чапляе за жывое. “Артыкулы з гісторыямі іншых людзей вельмі цікава чытаць”, – гаворыць К. Гарчынская. Удзельнікі майстар-класу імгненна прыгадалі з дзясятак гісторый, якія маглі б выбухнуць у прэсе.
Case Study. Спосаб пошуку тэмаў, які мае на ўвазе даследаванне канкрэтнага выпадку, які выяўляе сістэмныя праблемы: напрыклад, у сферы аховы здароўя. Адна з удзельніц прыгадала свайго знаёмага, які ў сталым веку застаўся адзін, без нагляду. У выніку абмеркавання гэтага выпадку знайшлася тэма для артыкула “Як трапіць у дом састарэлых?”
Adaptation. Матэрыялы, якія апісваюць сусветныя трэнды і іх адаптацыю да штодзённага жыцця аўдыторыі.
Community story: walk around. Калі паглядзець пытлівым позіркам на тое, што знаходзіцца вакол нас, можна знайсці тэму для выдатнага артыкула. Напрыклад, параўнаць з архіўнымі фота і апісаць сучасны стан будынка ці вуліцы.
Размова з рэдактарам і рэдакцыйныя brainstorm’ы (мазгавыя штурмы). Рэдактар – гэта чалавек, які дапамагае журналісту “выцягнуць” і крышталізаваць тэму. “Журналісты, якія “сядзяць” на адной тэме, вельмі часта прапускаюць гісторыі, асабліва зараз, калі многія з іх працуюць ва ўмовах вайны, – кажа Каця Гарчынская. – Каб такога не адбылося, трэба расказаць рэдактару ці каму-небудзь усё, што ты бачыў і з кім размаўляў. Рэдактар адразу адчуе тэму”.
Nut graph: знайсці галоўнае
Nut graph – элемент артыкула, які распаўсюджаны ў заходняй журналістыцы, але якога зусім няма ў нашай традыцыі (nut – ад анг. “арэх”, graph скарочана ад анг. paragraph – “абзац, параграф, кароткая нататка”). У заходніх СМІ Nut graph’ы размяшчаюцца пад загалоўкам. Іх асноўная мэта – адказаць на пытанне чытача “навошта мне чытаць гэты артыкул?”, “чаму гэтая інфармацыя важная для мяне?” Паводле К. Гарчынскай, Nut graph’ы “даюць магчымасць навіне ўкараніцца ў канкрэтным месцы, часе і кантэксце”.
Nut graph адлюстроўвае асноўную думку ўсяго артыкула. “Гэта “бульённы кубік”, – кажа К. Гарачынская. – Такім чынам мы робім паслугу сваім чытачам і даем ім магчымасць максімальна хутка зразумець сэнс артыкула”. Паводле каці Гарачынскай, Nut graph’ы часта ствараюць рэдактары, бо для паглыбленага ў тэму журналіста гэтая інфармацыя – відавочная.
Каб самому напісаць добры Nut graph, трэба “выскачыць з наратыва артыкула, а затым вярнуцца зноў “у казку”. Але гэта значыць падскочыць вышэй за свой рост”, – тлумачыць К. Гарачынская.
Таксама важна не скаціцца ў суб’ектыўнасць. “Гэта і проста, і складана. Трэба ставіць сабе пытанне: што канкрэтна цікава чытачам менавіта вашага выдання? Чаму ім трэба зараз гэта ведаць?” – гаворыць Каця Гарачынская.
Падчас майстар-класу ўкраінская журналістка распавяла, як працаваць над артыкулам на наступных этапах:
- Збор інфармацыі (Reporting),
- Факусіроўка,
- Стварэнне плана артыкула,
- Напісанне чарнавіка,
- “Чыстка” тэкста,
- Рэдагаванне і Fact checking (праверка фактаў) .
Зараз найважнейшымі навыкамі для журналіста Каця Гарчынская лічыць наступныя:
Генерацыя ідэй і здольнасць шукаць новыя тэмы для артыкулаў.
Pitching – “продаж” ідэй рэдактару. Менавіта pitch (ад анг. разм. – “прасоўваць свой тавар, хвалячы яго, рэкламаваць тавар, ідэю”) – першае, што патрабуюць у KyivPost ад інтэрнаў і новых супрацоўнікаў.
Прапанаваць ідэю для фота – таксама сфера адказнасці журналіста. Таму навыкі па візуалізацыі дадзеных – гэта вялікі плюс.
Каця Гарчынская лічыць, што розніца паміж заходняй журналістыкай і постсавецкай традыцыяй прыкладна такая ж, як паміж філасофіяй Платона і Арыстоцеля.
Платон меркаваў, што ёсць свет ідэй, спазнанне якога ўвасабляецца ў недасканалым і недакладным апісанні гэтага ідэальнага свету. Гэта, паводле К. Гарчынскай, вельмі падобна да постсавецкай журналісцкай традыцыі, дзе дакладнасць мае другасную ролю.
“Арыстоцель жа грунтаваўся на навуцы, вопыце і пазнанні – толькі на тым, што можна пацвердзіць і спраўдзіць. І гэта асноўны прынцып заходняй журналістыкі”, – кажа Каця Гарчынская.