У Мінску затрымлівалі карэспандэнтку Радыё «Свабода» (Абноўлена)
Як паведаміла Радыё «Свабода» 17 сакавіка каля 11.40, Галіну Абакунчык затрымалі каля гандлёвага цэнтру «Экспабел», які 17 сакавіка наведвае Аляксандр Лукашэнка.
Пракладна праз гадзіну пасля затрымання яе вызвалілі, і журналістка распавяла прэс-службе ГА «БАЖ» падрабязнасці інцыдэнту.
Затрыманне адбылося пад дахам гандлёвага цэнтра «Экспабел» у момант, калі Аляксандр Лукашэнка ішоў на сустрэчу з прадпрымальнікамі. Увагу «людзей у цывільным» прыцягнула тое, што Галіна Абакунчык гутарыла з прысутнымі гандлярамі і запісвала іх адказы ў блакнот.
Падставай для затрымання стала адсутнасць у журналісткі акрэдытацыі на мерапрыемства. Журналістка падкрэслівае, што яна і не збіралася на яго — рэдакцыйным заданнем было апытанне прадпрымальнікаў пра іх надзённыя праблемы і пра тое, якое пытанне яны б хацелі задаць кіраўніку краіны.
Тым не меш, Галіну Абакунчык пасадзілі ў міліцэйскую машыну «дзеля высвятлення асобы» і праверылі дакументы. У журналісткі была пры сабе і акрэдытацыя МЗС, і пашпарт, таму ў хуткім часе яе адпусцілі. Адзін з людзей у цывільным давёў яе да маршрутнага таксі і прасачыў, каб журналістка пакінула месца правядзення мерапрыемства.