Спартовая журналістыка: правілы гульні (ДА 24 САКАВІКА)
Адукацыйны курс. Мінск-Вільня. 28.03 – 31.05.2015.
Табе падабаецца спорт? Ты ўважліва адсочваеш галоўныя спартовыя падзеі ў краіне і ва ўсім свеце? І не лічыш, што спартовая журналістыка — гэта толькі галы, пункты ды секунды?
Тады гэты курс — для цябе!
Ці залежыць спартовая журналістыка ад дасягненняў спартоўцаў ды попыту грамадства на інфармацыю? Ці варта журналістам праседжваць штаны на трэніроўках ды звяртаць увагу на псіхалагічны фон у камандзе? Ці магчымае сяброўста паміж журналістам і спартоўцам, і калі так, то як задаваць сябрам непрыемныя пытанні?
Падчас навучання ўдзельнікі даведаюцца пра закуліссе беларускага спорту, самыя важныя правілы спартовай журналістыкі ды асаблівасці працы спартовых журналістаў, авалодаюць тэхналогіямі стварэння спартовых жанраў.
Як збіраць ды аналізаваць статыстыку, якія моманты вартыя апісання, якую выкарыстоўваць тэрміналогію, як трансфармаваць журналісцкія жанры ў спартовых матэрыялах, як пісаць пра спорт у неспецыялізаваных СМІ?.. Падчас лекцый ды практычных заняткаў варыянты падкажуць спартовыя журналісты з вялікім досведам працы ды выбітныя беларускія спартоўцы. Яны ж параяць, як пазбягаць самых распаўсюджаных памылак.
І, вядома ж, мы звернем увагу не толькі на футбол і хакей, але і на біятлон, плаванне, тэніс ды іншыя віды спорту, дзе вылучаюцца беларусы.
Мы выкладаем практычную спартовую журналістыку, і таму ўсе выкладчыкі курса з’яўляюцца журналістамі-практыкамі і ведаюць патрабаванні рынку СМІ.
ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА:
Журналісты з Мінска і рэгіёнаў, якія ўжо маюць прафесійны досвед, студэнты факультэтаў журналістыкі, выпускнікі школ маладога журналіста
ТЭРМІНЫ:
Курс “Спартовая журналістыка: правілы гульні” стартуе 28 сакавіка 2015 года ў Мінску і завяршаецца заключнай сесіяй 30-31 мая 2015 года ў Вільні. Курс утрымлівае 8 інтэрактыўных заняткаў па суботах.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «Sport») ДА 24 CАКАВІКА 2015 ГОДА.
Заяўка павінна ўтрымліваць:
- Кароткі расповед пра сябе.
- Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.