Удзельнікаў акцыі “Je suis Charlie” так і не прыцягнулі да адказнасці
11 сакавіка скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з часопісам “Charlie Hebdo” у Мінску, адведзены заканадаўствам.
Пасля нашумелай прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, суд Цэнтральнага раёна Мінска адправіў пратаколы ў дачыненні да Анатоля Лябедзькі, Паўлюка Канавальчыка і Дзмітрыя Кучука на дапрацоўку ў міліцыю. З таго часу пратаколы ў суд так і не вярнуліся.
11 студзеня чатыры чалавекі прыйшлі да пасольства Францыі ў Мінску з плакатамі “Je suis Charlie”, каб выказаць салідарнасць з забітымі ў Парыжы журналістамі сатырычнага выдання.
А ўжо праз тыдзень удзельнікаў акцыі пачалі выклікаць у міліцыю і складаць адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Абсурдная гісторыя з прыцягненнем да адказнасці займела працяг пасля прэс-канферэнцыі прэзідэнта Беларусі 29 студзеня.
Тады пасля выступу карэспандэнткі Бі-Бі-Сі Таццяны Мельнічук Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне чыноўнікам разабрацца з сітуацыяй. На 4 лютага ўжо былі прызначаныя судовыя слуханні, але за два дні да гэтага Цэнтральны суд раптоўна адправіў адміністрацыйныя пратаколы на дапрацоўку ў міліцыю.
А 11 сакавіка скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з часопісам “Charlie Hebdo” у Мінску, адведзены заканадаўствам.
– Я вельмі рады, што ва ўладаў хапіла розуму спыніць абсурдны пераслед удзельнікаў акцыі салідарнасці, падобныя да якой пасля тэракту ў Парыжы праходзілі па ўсім свеце. Але, на жаль, гэты выпадак не дае ніякай гарантыі, што падобная абсурдная сітуацыя не паўторыцца ў наступны раз, – расказаў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Паўлюк Канавальчык.