«Самае галоўнае – захаваць брэнд і зберагчы калектыў выдання»
Па ініцыятыве ГА «БАЖ» у офісе арганізацыі 11 сакавіка адбылася сустрэча рэдакцыйнага калектыву штотыднёвіка «Белорусы и рынок» з новым акцыянерам ЗАТ «Медыярынак» (юрыдычная асоба, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі) Дзмітрыем Новікавым і новым галоўным рэдактарам выдання Валянцінай Вештарт.
У размове ўдзельнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва ГА «БАЖ» – старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, а таксама намеснік старшыні, юрыст Андрэй Бастунец.
На пачатку лютага заснавальнік і галоўны рэдактар «Белорусы и Рынок» Вячаслаў Хадасоўскі перадаў частку сваіх акцый некалькім прыватным асобам і перайшоў на пасаду шэф-рэдактара. Сярод новых акцыянераў – прыватная асоба, генеральны дырэктар «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Дзмітрый Новікаў. Ён прадставіў калектыву новага галоўнага рэдактара выдання Валянціну Вештарт.
Некаторыя СМІ ўжо пісалі як пра змену складу акцыянераў і кіраўніцтва рэдакцыі, так і пра «супрацьстаянне калектыва і кіраўніцтва».
Чым скончылася сустрэча 11 сакавіка і ў якой ролі выступала на ёй ГА «БАЖ», прэс-служба арганізацыі распытала Жанну Літвіну і Андрэя Бастунца.
– Як бы Вы сфармулявалі тое, што адбываецца ў рэдакцыі «Белорусы и Рынок»?
А. Бастунец: Гэта праблема, звязаная са змяненнем складу акцыянераў рэдакцыі і зменай кіраўніцтва. Скажам так, не ўсе захады, якія прапануе новы галоўны рэдактар, знаходзяць падтрымку калектыва.
– У чым была мэта сустрэчы 11 сакавіка і ці ўдалося яе дасягнуць?
А. Бастунец: Сёння мы спрабавалі знайсці шляхі выхаду з канфліктнай сітуацыі. Пакуль адзін з крокаў, пра які ўдалося дамовіцца, – стварэнне камісіі па распрацоўцы дакладнай рэдакцыйнай палітыкі выдання. Камісія яшчэ не створана – проста прынцыпова дамовіліся. Спадзяемся, што яна будзе створана ў найбліжэйшы час.
– У чым заключаецца тут роля ГА «БАЖ»?
А. Бастунец: Мы прадаставілі сваю пляцоўку для сустрэчы і выступаем у ролі своеасаблівага медыятара, прапануючы экспертную дапамогу і спрабуючы дапамагчы бакам знайсці ўзаемаразуменне і выйсці з сітуацыі.
– Пры якіх умовах гэта магчыма?
А. Бастунец: Калі людзі пачуюць адзін аднаго і паспрабуюць знайсці кампраміс, а не проста будуць настойваць на сваёй рацыі.
Ж. Літвіна: Для нас у дадзенай сітуацыі самае галоўнае – захаваць выданне, яго брэнд, зберагчы рэдакцыйны калектыў. Элітнасць выдання «Белорусы и рынок» якраз і заключаецца ў тым, што гэта калектыў прызнаных прафесіяналаў, аналітыкаў, вартых усялякай павагі.
Любая рэдакцыя развіваецца «амплітудна» – ёсць перыяды росквіту, ёсць перыяды спаду. Я добра памятаю часы, калі выданне было лідарам інфармацыйнай прасторы. Згубіць людзей, на прафесіяналізме якіх яно стваралася, мы не маем права.
Што да шляхоў выхаду з сітуацыі – я бачу тры асноўныя накірункі. Першае – гэта ўрэгуляванне працоўных стасункаў у калектыве. Другое – выпрацоўка выразнай рэдакцыйнай палітыкі. І я не веру ў рэдакцыйную палітыку, якая ствараецца без удзелу тых, хто яе будзе ажыццяўляць. І, нарэшце, стварэнне бізнес-плану. Нават у гэтых складаных умовах можна рухацца наперад, захоўваючы павагу і адказнасць перад сваёй чытацкай аўдыторыяй. Маё глыбокае перакананне – калі ўсё зламаць, то, па-першае, новае пабудаваць будзе вельмі складана, а па-другое, гэта будзе ўжо абсалютна іншае выданне.
Каментары: