“Удзельнічаю ў “Вольным слове”, хоць выбраць найлепшыя тры тэксты заўсёды складана...”
Конкурс “Вольнае слова” прымае працы ва ўсе намінацыі да 20 сакавіка, а прэс-служба ГА “БАЖ” пацікавілася ў некаторых аўтараў, чаму яны вырашылі аддаць сёлета матэрыялы на суд аўтарытэтнага журы.
Іна Хоміч, “Брестский курьер”:
– Я ўдзельнічаю ў “Вольным слове” ўжо чацвёрты год запар. Даведалася пра яго ўпершыню ад галоўнага рэдактара свайго выдання, падалася і адразу тады выйграла прыз. У гэтым годзе таксама вырашыла падацца, бо годных матэрыялаў у 2014-м годзе хапала, хоць выбраць найлепшыя тры з іх заўсёды даволі складана.
Хоць ёсць і адваротны бок. Бо асабісты ўзровень любога працалюбівага журналіста ўвесь час падвышаецца. І калі глядзіш на свае мінулагоднія матэрыялы, заўсёды думаеш, што сёння пра тое ж напісаў бы лепей. Гэта вельмі матывуе. У гэтым ёсць вельмі станоўчы бок “Вольнага слова”.
Аліна Радачынская, фрылансер:
– У конкурсе “Вольнае слова” ўдзельнічаю ўпершыню. У мінулым годзе на сайце “Белорусского журнала” вышлі два маіх тэксты: пра сталічны мікрараён Асмалоўка і вынікі даследавання дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”, менавіта іх я і даслала на конкурс.
Раней я ў асноўным займалася тэлежурналістыкай і да таго, каб даслаць свае матэрыялы на “Вольнае слова”, рукі заўсёды не даходзілі. Хоць пра сам конкурс ведаю даўно і сачыла за яго пераможцамі, бо “Вольнае слова” дазваляе журналістам арыентавацца ў сваёй працы не толькі на колькасць праглядаў ці нешта такое, але і на меркаванне аўтарытэтаў прафесіі.
Кірыла Хілько, “Наша Ніва”:
– У “Вольным слове” я ўдзельнічаю ўжо трэці год, бо пачаў прымаць удзел у конкурсе, як толькі пачаў працаваць журналістам і тады адразу ж стаў пераможцам у намінацыі “Дэбют”.
Конкурс гэты, думаю, вельмі карысны, бо, дзякуючы “Вольнаму слову”, у журналістаў з’яўляецца матывацыя пераглядзець свае леташнія тэксты, паразважаць над імі і падумаць, што можна было б зрабіць лепш.
Да таго ж “Вольнае слова” – гэта выдатная магчымасць прасачыць за меркаваннем аўтарытэтных калег нашай прафесіі. Таму ўсіх сябраў ГА “БАЖ” заклікаю падаваць свае матэрыялы!
Нагадаем, што конкурс “Вольнае слова” ладзіцца ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў СМІ, заахвочвання таленавітых журналістаў, стымулявання іх дзейнасці ў адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.
На гэтую ж тэму: