У дакладзе праваабаронцаў экстрэмізму не выявілі
Сумесны даклад брытанскіх і беларускіх праваабаронцаў «За паўгадзіны да вясны: даклад аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі» прайшоў экспертызу Рэспубліканскай камісіі па экстрэмізме.
На сайце РПГА “Беларускі хельсінкскі камітэт” размешчаны поўны тэкст экспертнага заключэння, у якім гаворыцца, што ў дакладзе “лінгвістычных прыкмет «экстрэмісцкіх» значэнняў не выяўлена”.
Як патлумачыў прэс-службе ГА «БАЖ» старшыня праваабарончай арганізацыі Алег Гулак, з гэтай абцякальнай фармулёўкі вынікае, што экстрэмізму ў дакуменце не знайшлі.
Юрыст кажа, што сам гэты факт яго цешыць. Разам з тым, многае выклікае пытанні. Найперш – тое, што наяўнасць экстрэмізму прадаставілі высвятляць лінгвістам. Пад заключэннем стаяць подпісы трох кандыдатаў філалагічных навук па спецыяльнасцях «руская мова і літаратура» і «беларуская мова і літаратура»: Алы Кірдун, Алесі Андрэевай і Ганны Чараповіч.
Па-другое, з юрыдычнага гледзішча выглядае нелагічным, што заключэнне за подпісамі запрошаных экспертаў падаецца як рашэнне самой Рэспубліканскай камісіі, сябрамі якой яны не з’яўляюцца.
Паводле Алега Гулака, кнігі пакуль застаюцца на мытні, хаця экспертыза датавана 25-м лістапада. Ідзе дыскусія наконт працэдуры вяртання затрыманага накладу.
«Мы размясцілі поўны тэкст экспертызы на сваім сайце, бо ўсім нам важна бачыць логіку аўтараў. Трэба, каб людзі паглядзелі, у чым эксперты могуць убачыць праявы экстрэмізму», – кажа старшыня РПГА «БХК». (Глядзець заключэнне: с.1,2,3,4,5).
Сумесны даклад брытанскіх і беларускіх праваабаронцаў «За паўгадзіны да вясны: даклад аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі», надрукаваны ў Вялікабрытаніі і дасланы па пошце ў Беларусь, быў затрыманы мытняй аэрапорта «Мінск-2» у пачатку жніўня 2014 года.
Першая партыя такіх жа кніг прыйшла ў Беларусь у ліпені і прайшла мытную праверку без праблем.
Даклад быў падрыхтаваны The Equal Rights Trust ў партнёрстве з Беларускім Хельсінкскім Камітэтам пры дапамозе цэлага шэрагу грамадскіх аб’яднанняў Беларусі. Ён заснаваны на шырокіх палявых даследаваннях, інтэрв'ю, фокус-групах і сур'ёзным аналізе заканадаўства і палітыкі. Даклад таксама дае шэраг дэталёвых рэкамендацый беларускім уладам, якія тычацца неабходных рэформаў у заканадаўстве, палітыцы і практыцы па забеспячэнні роўнасці і недыскрымінацыі.
На гэтую ж тэму:
Даклад аб дыскрымінацыі будзе даследаваны Камісіяй па выяўленні экстрэмізму
Ужо больш за 100 матэрыялаў разгледжана “на экстрэмізм”, у 25-і “былі прыкметы”