Супраць суддзі, які распавёў пра суд над транссэксуалам, ідзе праверка
Пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.
У Магілёве ідзе дысцыплінарная праверка супраць суддзі Магілёўскага раённага суда Станіслава Леўчанкі Пра гэта старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала распавёў газеце "СБ — Беларусь сегодня".
Прычынай стала прыватная інфармацыя пра аднаго з падсудных, якую суддзя агучыў прэсе. "Што датычыць выпадку ў Магілёве, то там у вытворчасці ў суддзі знаходзілася справа, абвінавачаны па якой, як выявілася, у 1995 годзе перанёс аперацыю па змене полу. Вядома, афішаваць такія рэчы недапушчальна, тым больш з улікам таго, што чалавек знаходзіўся пад вартай. Суддзя ж даў інтэрв'ю, у якім, хутчэй за ўсё, па неасцярожнасці выдаў звесткі інтымнага характару", — паведаміў Сукала. Нагадаем, што адна з магілёўскіх дзяржаўных газет зрабіла ўпор на тым, што ўпершыню ў Беларусі пад варту ўзялі транссэксуала.
Па словах старшыні Вярхоўнага суда, па выніках дысцыплінарнай праверкі дзеянням суддзі Леўчанкі дадуць адпаведную прававую ацэнку.