Віншуем сябраў ГА “БАЖ” Кацярыну Марголь, Змітра Лукашука і Змітра Кармазіна!


У беларускіх журналістаў – тры першых месцы на конкурсе Media Neighbourhood Journalism Awards. Урачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў прайшла 4 лютага ў Бруселі.


Медыясуседства. Лога праекта

Конкурс ладзіўся для ўдзельнікаў адукацыйнай праграмы для журналістаў, якую праводзіў кансорцыум “BBC Media Action” пад патранажам Еўракамісіі з 2012 па 2014 гады. За гэты час у трэнінгах паўдзельнічала каля 1400 чалавек, умоўна падзеленых на дзве групы паводле краіны прыналежнасці: “Усходняе суседства” (Беларусь, Украіна, Малдова, Арменія Азербайджан, Грузія)  і “Паўднёвае суседства” (Сірыя, Егіпет, Іярданія, Туніс, Ліван, Алжыр, Ізраіль, Марока, Палестына).


На цырымоніі 4 лютага. Фота з Facebook-старонкі праекта

Конкурс таксама ладзіўся для гэтых дзвюх груп асобна. У кожнай групе журы вызначыла пераможцаў у пяці намінацыях: тэлебачанне, радыё, анлайн, газетны рэпартаж, інтэрв’ю. Тэмы матэрыялаў – самыя розныя: культура, гендэрныя пытанні, навакольнае асяроддзе, эканоміка, бяспека, палітыка. Галоўная ідэя – знаёмства сваіх суграмадзян з рознымі сферамі жыцця ў ЕС.

Журы складалася з трэнераў (ментараў) з розных краін. Кожную намінацыю ацэньвалі ментары, якія самі працуюць у адпаведнай сферы.  

У групе “Усходняга суседства” Кацярына Марголь заняла першае месца ў “анлайн-намінацыі” (артыкул «Почему в Беларуси мало работодателей «равных возможностей»», open.by), Зміцер Лукашук – у намінацыі “інтэрв’ю” («Еўрадэпутат: Шмат хто кажа: "Не разумею сітуацыі ва Украіне, мне нецікава"», «Еўрарадыё»), а Зміцер Кармазін – у намінацыі “радыёрэпартаж” ("На шопінг у Беласток: беларусы пра 100 даляраў", “Беларускае Радыё Рацыя”).

Ганарымся нашымі калегамі!  

Зміцер Лукашук на цырымоніі 4 лютага. Фота з Facebook

Зміцер Кармазін на цырымоніі 4 лютага. Фота з Facebook. Кацярына Марголь у Бурсель паехаць не змагла па сямейных абставінах.