Вадзім Макаранка: “Data-журналістыка – ліпучая і эстэтычная”


Вадзім Макаранка, польскі журналіст беларускага паходжання, дзяліўся ў Мінску сакрэтамі актуальнага журналісцкага трэнду. Data-журналістыка ўсё больш набірае папулярнасць у сусветных СМІ.


Усе фота - Мікалай Жукаў (NIO), Вольга Цвяткова, press-club.by

Новы накірунак “павольнай журналістыкі” даволі паспяхова прыжыўся ў інтэрнэт-выданнях. Шмат у чым гэта адбылося дзякуючы простаму і дасяжнаму інструментарыю – шэрагу нескладаных і бясплатных анлайн-сэрвісаў, якія дазваляюць візуалізаваць дадзеныя. З наборам праграмаў для матэрыялаў у стылі data-журналістыкі пазнаёміліся ўдзельнікі майстар-класа, які Вадзім Макаранка правёў у суботу, 31 студзеня, у офісе кампаніі tut.by.

Вадзім Макаранка, эканамічны аглядальнік “Gazeta Wyborcza” (Польшча), заснавальнік першага ў Польшчы data-рэсурса BIQdata.pl. Арганізатарам яго лекцыі ў Мінску “Дадзеныя ў рэдакцыях: новыя магчымасці і перспектывы” і майстар-класа выступіў “Прэс-клуб Беларусь”. Партнёр мерапрыемства - кампанія TUT.BY, інфармацыйныя партнёры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, сайт Mediakritika.by.

Што такое data-журналістыка? Прыклады паспяховых выданняў.

Паводле Вадзіма Макаранкі, нічога прынцыпова новага data (ад анг. data - дадзеныя, факты, звесткі, інфармацыя) – журналістыка не мае. “Асаблівасць у тым, што мы імкнемся распавесці гісторыю дадзенымі, – гаворыць В. Макаранка. – Галоўнае не тэкст, а візуалізацыя.”

Якую гісторыю можна распавесці лічбамі? Зразумела, гэта не навіны. Паводле Вадзіма Макаранкі, дзякуючы перапрацаванай і візуалізаванай інфармацыі, data-журналісты выяўляюць трэнды, тэндэнцыі, адметнасці грамадства, якія не з’яўляюцца відавочнымі. “Мы працуем з дадзенымі, але калі іх не інтэрпрэтаваць – чытач застанецца з лічбамі сам-насам”, – гаворыць Вадзім Макаранка. Каб правільна тлумачыць  дадзеныя і выяўляць рэчаіснасць, якая за імі стаіць, В. Макаранка раіць звярнуцца да прыкладаў паспяховых і аўтарытэтных выданняў у галіне журналістыкі дадзеных:

- DataBlog - рэсурс ангельскага выдання “The Guardian”, створаны data-рэдактарам выдання Сайманам Роджэрсам у 2009 годзе. “Сёння DataBlog – гэта “бацька” ўсёй галіны, які, аднак, ужо выглядае даволі сціпла ў параўнанні з тым, што мы маем сёння на рынку,” – лічыць Вадзім Макаранка.

- The upshot - “гэта маяк, на які ўсе глядзіць і ўсе раўняюцца,” – кажа В. Макаранка. data- рэсурс выдання “The New York Times” працуе з 2013 года. Яго стварылі журналіст Дэвіда Леонхардт і статыст Нэйт Сільвер. Зараз у The upshot працуе каля 40 чалавек, – гэта праграмісты, графікі, аналітыкі, у камандзе ёсць два доктара статыстыкі. Рэсурс адрознівае складаная візуалізацыі і тэхнічна вельмі прасунуты кантэнт. “The upshot рэдка выкарыстоўвае шаблоны. Каманда ўсё робіць сама. Кожная візуалізацыя – гэта асобны праект журналіста, графіка і праграміста,” – гаворыць Вадзім Макаранка. Таксама эксперт дадае, што The upshot складаны, як у стварэнні, так і ў выкарыстанні.

- The Numbers, класічна збудаваны data-блог, які належыць амерыканскаму выданню “Wall street Journal”. Гэта адзін з першых па часе з’яўлення рэсурсаў у галіне журналістыкі дадзеных. Яго заснаваў журналіст Карл Бялік. Зараз блог The Numbers змяшчае матэрыялы ў стылі data-журналістыкі, якія робяць усе журналісты выдання.

- Wonkblog –рэсурс дадзеных выдання “Washington Post”/ “Wonkblog Створаны журналістам Езрай Клейнам, які вельмі добра разбіраецца ў статыстыцы, але захапляецца палітыкай, – кажа Вадзім Макаранка. – Таму Wonkblog доўгі час існаваў як палітычны блог.” Зараз для data-блога пішуць усе журналісты “Washington Post”, і гэта, на думку В. Макаранкі, вельмі слушная і эфектыўная рэдакцыйная палітыка.

“Журналістыка дадзеных нічога не замяшчае, гэта толькі адзін са сродкаў распавядаць гісторыі. Таму праца журналістаў застаецца неабходнай”, – кажа Вадзім Макаранка.

- Huffington Post прапануе лічбавы рэсурс HuffPost Data, які разлічаны на адмыслоўцаў, што захапляюцца дадзенымі. У гэтым “рэзервуары” вельмі шмат цікавых змястоўных тэхнічных праектаў, створаных рэдакцыяй з розных нагодаў у розны час.

- Texty.org.ua – рэсурс, створаны камандай украінскіх журналістаў, якія працуюць у сферы “павольнай журналістыкі”. Адзін з іх адметных праектаў – мапа ваенных дзеянняў на Данбасе, якая існуе ў рэальным часе. Як сабраць дадзеныя для такой візуалізацыі? “Чытачы дасылаюць інфармацыю, журналісты правяраюць яе і змяшчаюць на сайце. Такім чынам мапа змяняецца ў рэальным часе з невялікім спазненнем,” – гаворыць В. Макаранка.

- Berliner Morgenpost найноўшы data-праект, які стартаваў у студзені 2015 года.

Праект паўстаў на базе лакальнай інфармацыйнай ідэі. “За аснову праекта стваральнікі ўзялі маршрут аўтобуса М29, які праходзіць праз увесь Берлін. Візуалізацыя на сайце дазваляе выбраць прыпынак і ўбачыць, як ён выглядае з вакна аўтобуса і з месца кіроўцы, а таксама даведацца, як галасуюць жыхары ў радыусе 500 метраў ад гэтага прыпынку, колькі эмігрантаў жыве вакол, колькі беспрацоўных і грамадзянаў, якія карыстаюцца сацыяльнымі выплатамі, колькі людзей здаюць нерухомасць на сайце www.airbnb.com і г.д. – усяго 10 пунктаў. “Гэта фенаменальна! – кажа Вадзім Макаранка. – У Польшчы няма крыніцаў для стварэння такога праекта. Лакальныя дадзеныя вельмі мала збіраюцца”.

Вадзім Макаранка адзначае, што лакальная data-журналістыка прадугледжвае іншы, больш шчыльны кантакт з чытачом. Давер і набліжанасць да аўдыторыя мясцовых выданняў даюць магчымасць ствараць вельмі цікавыя матэрыялы. “Напрыклад, можна стварыць мапу добрых і кепскіх лякарняў ці школаў, – кажа Вадзім Макаранка. – Шанцаў атрымаць шчырыя адказы і праўдзівую інфармацыю ў лакальных выданняў значна большы. Нацыянальныя даследаванні прадугледжваюць іншы ўзровень кантакту з аўдыторыяй”.

Data-блог: як арганізаваць працу на базе інтэрнэт-выдання?

Безумоўнымі плюсамі журналістыкі дадзеных, паводле Вадзіма Макаранкі, з’яўляецца тое, што ў выніку атрымліваецца эстэтычны і эфектны прадукт. Акрамя таго, матэрыялы ў стылі “журналістыкі дадзеных”дазваляюць выкарыстоўваць наяўныя інфармацыйныя рэсурсы рэдакцыі, што павялічвае трафік на сайце і дае магчымасць “размазаць” існуючы кантэнт. Інтэрактыўнасць – неад’емная частка data-журналістыкі, і гэта падабаецца чытачу.

“Data-матэрыялы “ліпучыя” – гэта значыць, што яны добра (лепш, чым тэксты) працуюць у сацыяльных сетках, – гаворыць Вадзім Макаранка. – Нават самыя занудныя дадзеныя можна прадставіць прывабна”.

Аднак найбольш вострае пытанне сучасных інтэрнэт-выданняў – гэта манетызацыя. Як зарабіць на кантэнце? Адказ дыктуе рэдакцыйную палітыку. Таму, пры ўсіх плюсах data-журналістыкі, вырашальнымі фактарамі яе развіцця застаюцца паказчыкі продажаў і прыцягнення трафіку.

Вадзім Макаранка – аптыміст. Ён лічыць, што гэтая галіна мае будучыню. Хаця зараз доступ да матэрыялаў яго сайта амаль закрыты: прачытаць BiQDATA.pl могуць толькі тыя, хто набылі поўную падпіску на інфармацыйныя прадукты wyborcza.pl.

BiQDATA.pl – стартаваў 22 верасня 2014 года. Зараз у камандзе працуе 4 чалавекі. Вытворчы рытм рэдакцыі – адзін матэрыял у дзень. Фармат блога stream гэта значыць, што інфармацыя на сайце арганізаваная па часе з’яўлення. Матэрыялы выпускаюцца ў выглядзе інтэрактыўнай інфаграфікі з тэкстам на 1500-3500 знакаў. “Мы імкнемся да таго, каб чытач увайшоў у кантакт з інфаграфікай і заангажаваўся”, – гаворыць стваральнік BiQDATA.pl, Вадзім Макаранка. Сайт платны.


Адзін з прыкладаў працы BiQDATA.pl. Апытанне на тэму стаўлення палякаў да розных нацыянальнасцяў у дынаміцы (з 1994 да 2014)

Што такое paywall і як ён працуе?

Падчас лекцыі ў Мінску В. Макаранка падзяліўся камерцыйнай і рэдакцыйнай мадэллю працы сваёй рэдакцыі.

Як адзначалася вышэй, рэсурс BiQDATA.pl з’яўляецца часткай інфармацыйнага пакета выдаўца wyborcza.pl – інтэрнэт-выдаўца “Gazety Wyborczej” . wyborcza.pl выкарыстоўвае metric paywall – сістэму аплаты, пры якой чытачу даецца права прагляду некаторай колькасці тэкстаў бясплатна, а затым толькі па платнай падпісцы. “У нас бясплатна можна 10 артыкулаў у месяц,” – гаворыць В. Макаранка пра wyborcza.pl. Цікава, што paywall працуе такім чынам, што дазваляе зайсці бясплатна з Google і сацыяльных сетак на зацікавіўшую старонку, нават калі яна знаходзіцца за paywall’ам. Так прыцягваецца трафік. “А калі чытач ужо ўнутры рэсурса, з ім пачынаецца дыялог пра набыццё падпіскі, – гаворыць В. Макаранка. – Жорсткі paywall, без “дзірак” кепска адб’іваецца на трафіку, – новыя людзі не трапляюць на сайт, ніхто не даведаецца, што за скарб там знаходзіцца”, – тлумачыць Вадзім Макаранка.

BiQDATA.pl зараз знаходзіцца за жорсткім paywallам, гэта праект, які з’яўляецца дадатковай прапановай для чытача, які ўжо паверыў выданню і набыў падпіску. “Але каб у мяне трафік канчаткова не памёр, я даю маім чытачам адзін бясплатны артыкул у тыдзень,” – кажа В. Макаранка.
У прапанове бясплатных матэрыялаў ёсць тэхнічны і юрыдычны аспект: некаторыя бясплатныя сервісы па візуалізацыі інфармацыі не дазваляюць выкарыстоўваць інфармацыйны прадукт, створаны з іх дапамогай, “за paywall’ам”. “Таму і з гэтага боку прадстаўляць бясплатныя артыкулы – вельмі разумнае рашэнне,” – кажа Вадзім Макаранка.

Сярод праектаў, якія з верасня ажыццявіла каманда BiQDATA.pl, – матэрыялы ў стылі data-журналістыкі на тэму пенсійнай рэформы ў Польшчы, кадравай ратацыі на дзяржаўных прадпрыемствах, працоўнай міграцыі. Таксама каманда праекта апрацавала дадзеныя на дэпутатаў польскага Сейма, якія галасавалі ў сваю адсутнасць.

Data-блог: як стварыць каманду?

Вадзім Макаранка ўпэўнены, што стварыць годны прадукт у стылі “журналістыкі дадзеных” не пад сілу аднаму чалавеку. На гэта здольная толькі каманда. Таму, каб пачаць data-праект, выданню неабходныя наступныя спецыялісты:

- Журналіст, які выканае функцыю рэдактара.

- Графік – чалавек, знаёмы з графічнымі праграмамі і здольны працаваць у СМІ.

- Аналітык-статыстык. “Можна абысціся і без яго, калі знайсці партнёра, якому вы давяраеце, – гаворыць В. Макаранка. – Напрыклад, партнёрам BiQDATA.pl з’яўляецца “Польскае таварыства спецыялістаў па даследаванні рынку і грамадскай думкі”. Гэта спецыялісты ў галіне сацыялогіі і статыстыкі. Яны з задавальненнем супрацоўнічаюць, бо лічаць, што наш сайт прасоўвае іх працу”/

- Праграміст.

Таксама можа спатрэбіцца візуальны аніматар, – спецыяліст, які стварае інтэрактыўныя графікі і дынамічныя праекцыі. Падача інфармацыі пры дапамозе анімацыі – модны і актуальны накірунак data- журналістыкі.

Вадзім Макаранка падкрэслівае, што ўсе спецыялісты, якія працуюць з дадзенымі, павінныя працаваць у рэдакцыйным newsroom’е і ўдзельнічаць у планёрках.

Дзе шукаць дадзеныя для data-блога?

“Перш за ўсё – ва ўласнай рэдакцыі, – адказвае Вадзім Макаранка. – Журналісты, якія займаюцца сельскай гаспадаркай альбо эканомікай, – паверце, у іх вельмі шмат дадзеных. Магчыма, не вельмі актуальных, але не выключана, што яны вам спатрэбяцца”. Для беларускай рэчаіснасці, на думку Вадзіма Макаранкі, грунтоўныя звесткі для матэрыялаў у стылі “журналістыкі дадзеных” змешчаныя на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, а таксама на рэсурсах www.Opendata.by, www.koshturada.by і інш.

Ключавым навыкам для журналістаў, якія вырашаць працаваць у гэтай галіне, з’яўляецца валоданне праграмай Microsoft Excel.

Мінусы журналістыкі дадзеных

Стварэнне кантэнту ў гэтым стылі вымагае комплекснага падыходу і патрабуе шмат часу. Гэта значна павышае кошт data-кантэнту.

Акрамя таго, даводзіцца прыцягваць спецыялістаў, якіх, як правіла, няма ў традыцыйных рэдакцыях, што яшчэ больш ускладняе і запавольвае вытворчасць.

Практыка сведчыць, што журналістыка дадзеных даволі павольна прыцягвае аўдыторыю. Акрамя таго, data-кантэнт вельмі складана адаптуецца да мабільных версіяў, а зараз, як вядома, мабільныя дадаткі інтэрнэт-СМІ неверагоднымі тэмпамі завалодваюць рынкам.

 

На гэтую ж тэму:

Пошаговые инструкции для работы с Infogr.am, Thinglink, Google forms и TimelineJS

Вадим Макаренко: Дата-журналистика перестанет носить кастовый характер

Вадим Макаренко: «Журналистика данных – это еще один из способов рассказать историю»