Кіраўніцтва БАЖ возьме ўдзел у канферэнцыі “Свабода медыя ў краінах Усходняга партнёрства 2014: вынікі і прагнозы”
Форум адбудзецца 9 лютага ў Кіеве. Канферэнцыя падвядзе вынікі двухгадовага праекта маніторынгу свабоды медыя ў краінах Усходняга партнёрства, які ажыццяўляла недзяржаўная арганізацыя “Інтэрньюс-Украіна” пры падтрымцы ЕС.
Удзельнікі канферэнцыі паслухаюць пра сітуацыю ў кожнай з краін Усходняга партнёрства, абмяркуюць інфармацыйную бяспеку ў краінах УП у кантэксце канфлікту паміж Расіяй і Украінай.
Сярод выступоўцаў – старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна і намеснік старшыні Андрэй Бастунец, якія распавядуць пра асноўныя выклікі і пагрозы развіццю медыяў у нашай краіне.
У сустрэчы маюць таксама ўзяць удзел галоўны дарадца па пытаннях грамадзянскай супольнасці і СМІ ў Генеральным дырэктараце Еўракамісіі Андрыс Кестэрыс, намеснік кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС ва Украіне Томас Фрэлесен, чакаецца ўдзел старшыні Камітэта Вярхоўнай Рады па пытаннях свабоды слова і інфармацыі Вікторыі Сюмар. Будуць выступаць старшыня Ерэванскага прэс-клуба Барыс Навасардзян (Арменія), старшыня аб’яднання журналістаў Азербайджана “Ені насіл” Арыф Алеіў, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі незалежнай прэсы (Малдова) Петру Макавей, прэзідэнт аб’яднання “Зялёная хваля” (Грузія) Манана Джахуа і іншыя медыяэксперты.