Журналісты-удзельнікі: Прэс-канферэнцыя “якасна адрознівалася ад папярэдніх”


Больш за сем гадзін доўжылася прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі 29 студзеня. Яе ўдзельнікі з ліку недзяржаўных СМІ адзначаюць, што яна «якасна адрознівалася ад папярэдніх», і спадзяюцца, што «ўсё гэта не застанецца толькі на словах».

Цягам сямі гадзінаў, якія ішла прэсавая канферэнцыя, кіраўнік дзяржавы паспеў адказаць на дзясяткі запытаў дзяржаўных і незалежных СМІ. Пытанні тычыліся знешняй і ўнутранай палітыкі, эканомікі, карупцыі ў сістэме кіравання, ужывання беларускай мовы і шмат чаго іншага.

Не абмінулі ўвагай і праблемы журналісцкай супольнасці. У прыватнасці, гэтая тэма выйшла на першы план у дыялогу з карэспандэнтам “Еўрарадыё” Змітром Лукашуком.

Аляксандр Лукашэнка: А вы думалі, што я збіраюся закрыць “Еўрарадыё”?

Зміцер Лукашук: Я не думаў, што збіраецеся, але думаю, што ў вас ёсць такая магчымасць.

Аляксандр Лукашэнка: Ну навошта? Закрыць “Еўрарадыё” — гэта падняць яго аўтарытэт. Як мяне некалі Рыгор Леанідавіч Кісель вучыў, калі першыя прэзідэнцкія выбары ішлі. Кажа: "Вы на іх увагі не звяртайце — гэта будзе лепш. А калі закрыеце — тады цікавасць ва ўсіх з'явіцца". Потым ужо я сам пераканаўся ў тым, што не на ўсё трэба звяртаць увагу і не з усімі ваяваць. Асабліва адначасова. А потым, навошта мне з вамі ваяваць? Няма неабходнасці такой. Вы не настолькі для мяне цяпер небяспечныя, каб даставаць стрэльбу і страляць. Пакуль урукапашную разбярэмся (смяецца).

Зміцер Лукашук: Дык мы і не хочам ваяваць. А таму маглі б і нам даць FM-частату...

Аляксандр Лукашэнка: Во! Во дайшлі! (смяецца) Я адразу сказаў, што давайце выпрацуем пэўныя патрабаванні. Гэта дзяржаўны рэсурс, вельмі важны. Калі гэтым патрабаванням будзеце адпавядаць — я не выключаю, што вы можаце перамагчы ў конкурсе на нейкую FM-частату. Я правільна выказаўся? О, бачыце, вольных няма частот, Дзіма!

Прысутная Лілія Ананіч: Канкурэнцыя сапраўды вялікая, і шмат ахвочых, але свабодных частот няма. І гэта не дзеліць Ананіч. Гэта рэспубліканская камісія па пытаннях вырашае. Гэта сур'ёзны разгляд. На жаль, сёння мы не маем дадатковых частот, каб каму-небудзь стварыць новы рэсурс... Любы зарэгістраваны інфармацыйны рэсурс, СМІ, управе ва ўстаноўленым парадку звярнуцца. Але сёння гэтыя пытанні разглядаюцца ў адмоўны бок не толькі для “Еўрарадыё”.

Скажам, "Гомельская праўда" зарэгістравала рэсурс "Праўда радыё". Але мы з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі маем праблему забяспечыць тэхнічнае распаўсюджванне на ўсю Гомельскую вобласць, на жаль. Думаю, што гэта было б цікавае радыё, запатрабаванае для вобласці, але частотны рэсурс, на жаль, у Гомельскай вобласці па тэхнічных прычынах перасякаецца з праблемамі накладання частот з Расійскай Федэрацыі. Але думаю, што сёння голас “Еўрарадыё” даступны з інтэрнэту, на інтэрнэт-сайтах. Сёння казаць пра адсутнасць тэхнічных магчымасцяў для распаўсюджвання інфармацыі не прыходзіцца. Інтэрнэт накрывае ўсю прастору.

Аляксандр Лукашэнка: Але, з вашага пункту гледжання, гэта нармальнае “Еўрарадыё” або варожае?

Лілія Ананіч: Калі міністр інфармацыі будзе варагаваць са СМІ, – напэўна, гэта няправільна. Калі працуюць у рамках заканадаўства...

Аляксандр Лукашэнка: Пачакай, пачакай. Лілія, ну вы ж дзяржаўны чалавек, пры чым тут вы? Я кажу пра дзяржаву. Яно не варожае дзяржаве?

Лілія Ананіч: У рамках заканадаўства папярэджання яшчэ не мае. Але мы ўважліва аналізуем кантэнт. Я думаю, што “Еўрарадыё” сёння мае ўсе законныя падставы працаваць у Рэспубліцы Беларусь, а Міністэрства інфармацыі будзе старанна аналізаваць кантэнт, які будзе рыхтавацца “Еўрарадыё”, роўна як і іншых СМІ.

Па выніках прэс-канферэнцыі Зміцер Лукашук падзяліўся з прэс-службай ГА “БАЖ” уражаннямі ад сустрэчы і адзначыў прыязную атмасферу мерапрыемства.

– Сённяшняя прэс-канферэнцыя вельмі якасна адрознівалася ад папярэдніх. Яна праходзіла ў даволі спакойнай атмасферы. І заўважна, што большасць ахвотных, асабліва журналісты незалежных СМІ, усё ж здолелі задаць свае пытанні Лукашэнку, – распавёў Зміцер.

– Яшчэ больш здзівіў тон сённяшняй размовы. Адказы на свае пытанні я пачуў, і нават крыху больш атрымалася размова, бо пытанняў заўсёды вельмі шмат, і прыходзіцца выбіраць. Але варта прызнаць, што Лукашэнка адказаў на ўсе пытанні, на якія асмеліліся самі журналісты. Ніякіх забаронаў не было, ніхто не казаў, што можна пытацца, а што – не. І не было ніякіх “увільванняў” ад вострых пытанняў, як гэта бывала часам раней, – дадаў журналіст.

Наступны раз праблемы СМІ былі ўзнятыя рэдактарам “Народнай Волі” Іосіфам Сярэдзічам, які дыскутаваў з Лукашэнкам амаль 20 хвілінаў і пераканаўча даводзіў кіраўніку дзяржавы несправядлівасць вынесеных выданню Міністэрствам інфармацыі папярэджанняў.

– Не страшна, што людзі пішуць пра тое, што ёсць насамрэч. Мне ў “Народнай волі” не падабаецца тэндэнцыйнасць. Але, пэўна, у гэтым можна абвінаваціць і Паўла Якубовіча”, – сказаў Лукашэнка.

Пазней "журналісцкую" тэму ўзняў галоўны рэдактар “Ежедневника” Сяргей Сацук. Ён звярнуў увагу кіраўніка дзяржавы на масавыя парушэнні чыноўнікамі заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, асабліва пра напісанні матэрыялаў на карупцыйную тэматыку.

– Моцная ўлада не павінная баяцца крытыкі, – заявіў Лукашэнка і паабяцаў прыцягнуць да адказнасці службоўцаў, якія адмаўляюцца падаваць інфармацыю прадстаўнікам СМІ.

– Калі да цябе, чыноўніка ці нават міністра, звярнуўся журналіст – адкажы. Калі ёсць крытыка, ты павінен адрэагаваць. А інакш ты не міністр, не службовая асоба. Выганяць такіх трэба. Дзясятак выгнаць – і праблема знікне, – сказаў ён і заўважыў, што ўжо не першы раз чуе ад журналістаў пра такую праблему.

І ўжо ў самым канцы прэс-канферэнцыі, ламаючы традыцыйны парадак, Аляксандр Лукашэнка заклікаў выказацца тых, у каго засталіся вострыя пытанні.

Гэтай магчымасцю скарысталася сябра Праўлення ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, журналістка “Бі-Бі-Сі” Таццяна Мельнічук. Яна звярнулася да Лукашэнкі з прапановай не прыцягваць да адказнасці ўдзельнікаў невялікай акцыі салідарнасці з журналістамі часопісу "Charlie Hebdo", што прайшла ў Мінску 11 студзеня.

Па яе словах, такія затрыманні выглядаюць абсурдна і дрэнныя для іміджу ўлады.

– У мяне не пытанне, у мяне рэкамендацыя і пажаданне. Мы сёння гаворым пра тое, што нам патрэбная моцная суверэнная дзяржава, у якой ёсць моцная ўлада. Моцная ўлада ніколі не будзе баяцца крытыкі і прыніжацца да дробязнай расправы над тымі, хто крытыкуе штосьці, што адбываецца не так. Нават у Савецкім Саюзе на крытычныя выступленні прэсы ўлада рэагавала, прымала рашэнні, карала тых, хто правініўся. А журналісты і рэдактары нават савецкіх газет былі настроеныя на тое, каб злавіць вострыя факты, распавесці ўладзе, дзе і што не так. Улада моцная не баіцца крытыкі. На мой погляд, вельмі карыкатурнымі выглядаюць некаторыя дзеянні ўлады, калі арыштоўваюць чытырох людзей, што выйшлі да пасольства Францыі з таблічкай "Je Suis Charlie" менавіта ў той дзень, калі ва ўсім свеце ўзгадваюць тых, хто загінуў у рэдакцыі гэтага французскага штотыднёвіка…

Зразумейце, гэта інфармацыйная нагода, каб папракнуць уладу ў тым, што яна не моцная, недэмакратычная, у тым, што яна баіцца крытычнага выказвання, іншага погляду на падзеі ў краіне. Я б вельмі хацела, каб Вы як прэзідэнт улічылі вось гэтыя нашы пажаданні журналістаў, пагаварылі з чыноўнікамі пра тое, што ўсе мы – і журналісты, і службоўцы, і любы грамадзянін – адказныя за імідж нашай дзяржавы. Не варта яго псаваць некаторымі непрадуманымі рэчамі, – заявіла Таццяна Мельнічук.

У адказ на прамову журналісткі Лукашэнка падкрэсліў, што цалкам згодны з яе меркаваннем. Ён заявіў, што міліцыі не варта было чапаць удзельнікаў акцыі, і тут жа даручыў разабрацца ў сітуацыі Міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. Шуневіч паспрабаваў сказаць, што сілавыя органы нікога не баяцца. Але Лукашэнка спыніў яго і яшчэ раз загадаў разабрацца з канкрэтным выпадкам.

– Адметнасцю гэтай прэс-канферэнцыі стала тое, што нас, журналістаў, відавочна чулі. Прынамсі, заўважна стараліся пачуць нашы меркаванні і набалелыя пытанні. Вельмі хацелася б спадзявацца, каб усё гэта не засталося толькі на словах, – зазначыла Таццяна Мельнічук прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адразу пасля прэсавай канферэнцыі.

 

На гэтую ж тэму:

Татьяна Мельничук: Сильная власть никогда не будет бояться критики и унижаться до мелочной расправы над теми, кто критикует

Лукашенко чиновникам: Если обратился журналист — ответь, а иначе ты не министр, не должностное лицо!

Главред "Народной воли" пожаловался президенту на "наезды" Мининформа

Лукашенко: Мне не нужна зачистка поля