Застаецца 1 дзень! Складаныя тэмы: этыка журналіста (Заяўкі да 3 лютага)


Навучальны курс, 7 лютага – 28 сакавіка, Мінск. 

Візаваць інтэрв’ю ці рызыкаваць? Раскрываць крыніцы ці хаваць? І ці магчыма гэта — улагодзіць грамадскі інтарэс, не парушыўшы права на прыватнае жыццё? Як здабыць эксклюзіў і не стаць «зліўным бачком»? А самацэнзура — гэта ціск на свабоду слова ці абмежаванне ўседазволенасці?

Далучыце да гэтага спісу актуальныя менавіта для вас пытанні, а адказы на іх будзем шукаць разам з выбітнымі беларускімі журналістамі ды юрыстамі падчас навучальнага курса «Складаныя тэмы: этыка журналіста».

Удзельнікі  курса даведаюцца:

- Як працаваць пасля ўступлення ў дзеянне паправак у закон «Аб СМІ»: змены, рызыкі, рашэнні

- Што такое прафесійная этыка журналістаў не ў сухой тэорыі, а на практыцы

- Чым адрозніваюцца юрыдычныя нормы і этычныя прынцыпы

- Чым карыснае і небяспечнае самарэгуляванне СМІ

- Якія самыя распаўсюджаныя этычныя і прававыя рызыкі для беларускага журналіста, і як імі кіраваць

- Ці патрэбныя сеціўнай журналістыцы адмысловыя этычныя прынцыпы

- Як, карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі, не парушыць аўтарскія правы ды нормы прафесійнай этыкі.

Курс «Складаныя тэмы: этыка журналіста» максімальна арыентаваны на практыку, прадугледжвае дэталёвы разгляд рэальных кейсаў, з якімі сутыкаюцца ў прафесійнай дзейнасці беларускія журналісты. 

ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА:

Журналісты з Мінска і рэгіёнаў, выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста, а таксама студэнты.

АПІСАННЕ КУРСА:

Курс «Складаныя тэмы: этыка журналіста» стартуе 7 лютага 2015 года і завяршаецца 28 сакавіка 2015 года. Складаецца з васьмі сесій. Заняткі будуць ладзіцца ў Мінску раз на тыдзень па суботах з 11.00 да 14.00.

Кожны ўдзельнік курса будзе мець магчымасць атрымаць ад трэнераў кансультацыю па набалелых этычных і прававых пытаннях, дэталёвы разбор практычных заданняў падчас работы індывідуальна і ў групах.

Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by  (з пазнакай «Ethics») да 3 ЛЮТАГА 2015 ГОДА.

Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:

1. Кароткі расповед пра сябе.

2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.

3. 1-2 набалелыя менавіта для вас пытанні прафесійнай этыкі.