Ужо трое ўдзельнікаў акцыі “Je Suis Charlie” чакаюць суда ў Мінску
Увесь свет 11 студзеня выказваў салідарнасць з ахвярамі тэракту ў рэдакцыі “Charlie Hebdo” ў Парыжы. У Мінску ж за падобную акцыю актывістаў чакаюць суды.
Міліцыя працягвае складаць адміністрацыйныя пратаколы на ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з французскім часопісам “Charlie Hebdo”, што прайшла ў Мінску 11 студзеня. Акрамя былога рэдактара сатырычнай газеты “Навінкі” Паўлюка Канавальчыка, міліцыянты завялі справы на Дзмітрыя Кучука і лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Апошні паводле позвы наведаў міліцыю ў панядзелак.
– На ўсіх удзельнікаў акцыі складаюць абсурдныя пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП (несанкцыянаваная масавае мерапрыемства). Па ўсім свеце 11 студзеня праходзілі падобныя акцыі, увесь свет выказаў сваю салідарнасць з “Charlie Hebdo”, а ў Беларусі за гэта мы можам атрымаць альбо вялікі штраф, альбо арышт на 15 сутак. Гэта поўны дыпламатычны і юрыдычны абсурд, поўная адсутнасць чалавечнасці і здаровага сэнсу, – лічыць Анатоль Лябедзька.
Каб падкрэсліць абсурднасць сітуацыі, Анатоль Лябедзька сфатаграфаваўся з плакатам “Je Suis Charlie” і на фоне міліцэйскага пастарунка.
Фота са старонкі палітыка ў Facebook
Усе абвінавачаныя ва ўдзеле ў акцыі далі пісьмовыя абавязальніцтвы з’явіцца ў суд пасля прызначэння даты слуханняў.
Нагадаем, што акцыя салідарнасці з “Charlie Hebdo” прайшла ў адзін дзень з падобнай ініцыятывай у многіх гарадах свету. У Парыжы удзел у такой акцыі ўзяў нават амбасадар Беларусі Павел Латушка.
7 студзеня пры нападзе на сатырычную газету “Charlie Hebdo” ўу Парыжы былі забітыя 12 чалавек. Гэты тэракт выклікаў па ўсім свеце цэлую хвалю акцый салідарнасці з народам Францыі і журналістамі выдання.