Журналістам “Белсату” не дазволілі здымаць акцыю ўшанавання памяці “Нябеснай сотні” ў Мінску
Як паведамілі прэс-службе ГА “БАЖ” прадстаўнікі тэлеканалу “Белсат” у Беларусі, яшчэ да пачатку акцыі 22 студзеня да іх аператара (імя вырашылі не агучваць) падышлі людзі ў цывільным. Яны заявілі, што, паколькі ў “Белсата” няма акрэдытацыі, то і аператару нічога здымаць нельга. Пасля гэтага яго адвялі пад рукі ад месца правядзення мерапрыемства.
Грамадскія актывісты (сярод якіх – сябра ГА “БАЖ” Вольга Нікалайчык) 22 студзеня ўшаноўвалі памяць загінулага ў гэты дзень у абароне кіеўскага Майдану беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Каля 15 чалавек усклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку непадалёк ад амбасады Украіны, запалілі свечкі, праспявалі гімн Украіны.
За акцыяй назіралі каля 40 чалавек у цывільным, – паведамляе “Белсат” са спасылкай на журналістку Таццяну Уласенка, якая прысутнічала на месцы падзеяў.
Калі ўдзельнікі пачалі разыходзіцца, іх затрымалі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Некалькіх асобаў вызвалілі ўначы, а некалькіх судзяць 23 студзеня. Па звестках Радыё “Свабода”, сярод іх – Вольга Нікалайчык, Алесь Макаеў, Яўген Батура, Максім Вінярскі, Мікола Колас. На сайце “Свабоды” вядзецца жывы рэпартаж з працэсу, які праходзіць у РУУС. У 15.57 журналісты паведамілі, што Вольгу Нікалайчык арыштавалі на 5 сутак.