Удзельнікаў мінскай акцыі салідарнасці з “Charlie Hebdo” будуць судзіць


Міліцыя склала пратакол за несанкцыянаванае мерапрыемства на Паўлюка Канавальчыка і спрабуе знайсці іншых удзельнікаў пікету салідарнасці з журналістамі французскага выдання.

Былога рэдактара сатырычнай газеты “Навінкі” Паўлюка Канавальчыка затрымалі побач з яго кватэрай у сераду, 21 студзеня. Супрацоўнікі міліцыі прад’явілі журналісту фотаздымкі з акцыі салідарнасці з “Charlie Hebdo” ля французскай амбасады у Мінску. Яны ў прысутнасці Канавальчыка склалі на былога рэдактара адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

– Гэта была частка сусветнай акцыі ў падтрымку журналістаў часопіса “Charlie Hebdo”, якая ў многіх гарадах свету праходзіла 11 студзеня. “Навінкі” былі вельмі падобныя да “Charlie” па духу, і мы проста не маглі не далучыцца да сусветнага руху. Тым болей, што перад гэтым многія людзі ўжо выказвалі салідарнасць побач з французскай амбасадай у Мінску, ускладалі кветкі і запальвалі свечкі на ганку дыпламатычнага прадстаўніцтва, – распавёў Паўлюк Канавальчык прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Прыкладна ў гэты ж самы час 21 студзеня супрацоўнікі міліцыі тэлефанавалі яшчэ аднаму удзельніку акцыі салідарнасці – лідару Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку.

– Чалавек, які прадставіўся маёрам міліцыі з Цэнтральнага РУУС Мінска, вельмі настойліва патрабаваў, каб я з’явіўся да яго на размову. Безумоўна, я адмовіўся і запатрабаваў афіцыйную позву. Але падазраю, што такая позва будзе дасланая, і пратакол супраць мяне таксама складуць і накіруюць у суд, – распавёў Лябедзька прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Удзельнікі акцыі салідарнасці з “Charlie Hebdo” адзінагалосна называюць справы супраць іх абсурднымі, бо спачуванні прэзідэнту Францыі і французскаму народу пасля тэракту выказваў нават Аляксандр Лукашэнка. А амбасадар Беларусі Павел Латушка сам удзельнічаў у падобнай акцыі 11 студзеня ў Парыжы.

Разам з тым, Паўлюк Канавальчык і Анатоль Лябедзька не выключаюць, што за салідарнасць з “Charlie Hebdo” ім прыйдзецца заплаціць вялікі штраф ці нават адбыць адміністрацыйны арышт.

Нагадаем, што 7 студзеня пры нападзе на сатырычную газету “Charlie Hebdo” у Парыжы былі забітыя 12 чалавек. Гэты тэракт выклікаў па ўсім свеце цэлую хвалю акцый салідарнасці з народам Францыі і журналістамі выдання.