Аляксей Кароль: Прапаганда на расійскім ТБ азлабляе беларусаў
Такую выснову сябры рэдакцыі «Новага часу» робяць з выпадку ў Магілёве, дзе ахоўнік адной з гарадскіх крамаў публічна абазваў незалежнае выданне «фашысцкім», а яго распаўсюдніка – «фашыстам».
Судовы працэс над ахоўнікам скончыўся 15 студзеня. Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва не стаў прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці ахоўніка Дзмітрыя Прохарава «праз недаказанасць яго віны».
Сябры рэдакцыі «Новага часу» перакананыя, што ахоўнік не знаёміўся са зместам выдання, а зневажальныя эпітэты ўжываў выключна зыходзячы з адмоўнага стаўлення да беларускай мовы і журналістаў незалежных СМІ.
– Сваю ацэнку Дзмітрый Прохараў даў не па аб’ектыўных крытэрах, а пад відавочным уплывам сучаснай расійскай прапаганды адносна ўкраінскай дзяржавы ў яе змаганні з баевікамі так званых ДНР і ЛНР, – лічыць галоўны рэдактар выдання Аляксей Кароль. – Менавіта там актыўна называюць «фашысцкім» усё, што выдаецца не на рускай мове і мае незалежніцкую скіраванасць. Прапаганда на расійскім ТБ азлабляе беларусаў.
Тым часам, нягледзячы на публічную абразу, рэдакцыя «Новага часу» не збіраецца судзіцца з ахоўнікам.
– Галоўная задача нашай газеты – аб’ектыўнае інфармаванне і асвета насельніцтва. Менавіта гэтым мы займаліся і працягваем займацца, даводзячы да чытачоў інфармацыю і даючы шырокі спектр меркаванняў па вострых грамадска-палітычных тэмах. Найлепшым адказам Прохараву і ўсім, хто зневажае незалежныя выданні, ёсць наша паспяховая праца, – кажа Аляксей Кароль.