Кіраўнік БТ: «Мы імкнемся максімальна змякчыць прапагандысцкую рыторыку расійскага канала НТВ»


Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька даслаў пісьмовы адказ кіраўніку Партыі БНФ Аляксею Янукевічу на зварот датычна трансляцыі расійскіх прапагандысцкіх праграм на БТ.

(Тэкст дакумента распаўсюджаны ў інтэрнэце сябрамі Партыі БНФ)

“Мы імкнемся максімальна змякчыць прапагандысцкую рыторыку расійскага канала НТВ у частцы так званых спецыяльных выпускаў, журналісцкіх расследаванняў, аналітычных праграм і сюжэтаў, якія могуць спрыяць распальваньню міжнацыянальнай варожасці і ісці ўразрэз з дзяржаўнай палітыкай інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і афіцыйнай пазіцыяй нашай дзяржавы ў адносінах суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны”, – гаворыцца ў адказе за подпісам Г. Давыдзькі. 

7 сакавіка Сойм партыі выступіў з заявай, у якой выказаў занепакоенасць з нагоды прапаганды вайны і экстрэмізму ў расійскіх электронных СМІ, праграмы якіх рэтранслюе БТ. Акрамя заявы, Сойм прыняў зварот да міністра інфармацыі Беларусі і да старшыні Белтэлерадыёкампаніі.

“Апошнім часам на беларускім тэлебачанні, асабліва на канале АНТ і расійскіх інфармацыйных каналах, якія рэтранслююцца ў Беларусі ў агульным доступе (АНТ,РТР, НТБ) ідзе шмат інфармацыі, якая дэскрэдытуе кіраўніцтва і народ суседняй дзяржавы – Украіны... Ідзе наўпроставае распальване міжнацыянальнай нянавісці, што не мае нічога агульнага са свабодаю слова і свабодаю на распаўсюд інфармацыі. Такая прапаганда супярэчыць заканадаўству Беларусі і поглядам кіраўніка Беларускай дзяржавы, які паслядоўна выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны”, – гаварылася ў звароце.

Сойм партыі БНФ патрабаваў неадкладна спыніць трансляцыю на канале АНТ расійскай праграмы “Час пакажа” і разгледзець мэтазгоднасць спынення трансляцыі расейскіх навіновых і інфармацыйна-публіцыстычных праграмаў на каналах АНТ, РТР і НТБ да поўнага ўрэгулявання канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны.