ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Рэдакцыйная палітыка сайта
Рэгістрацыя

Пра БАЖ

Рэдакцыйная палітыка сайта BAJ.by

BAJ.by – гэта ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Рэдакцыя рэсурсу дзейнічае ў межах статутных мэт і задач грамадскага аб’яднання і кіруецца Кодэксам журналісцкай этыкі, прынятым БАЖ.

Сайт з’яўляецца інтэрактыўнай пляцоўкай для сустрэч сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, а таксама ўсіх, хто мае дачыненне да журналісцкай дзейнасці альбо цікавіцца журналістыкай.  Гэта карпаратыўны рэсурс, закліканы ўмацаваць сяброўскія і прафесійныя сувязі ўнутры арганізацыі і ўсёй журналісцкай супольнасці Беларусі.

BAJ.by – гэта крыніца інфармацыі пра дзейнасць арганізацыі, пра падзеі ў галіне журналістыкі і СМІ ў Беларусі і за яе межамі. Акрамя штодзённай “стужкі” навін, тут сабраная таксама сістэматызаваная аналітычная інфармацыя пра сітуацыю са СМІ ў Беларусі з 2006 года. (Ёсць таксама доступ да старой версіі сайта, якая існуе з 1999 года). На сайце працуе фотаархіў, з якога можна больш дазнацца пра падзеі ў жыцці арганізацыі, а таксама старонка з відэаматэрыяламі. 

BAJ.by – гэта таксама сервісная інфармацыя для сябраў арганізацыі і журналістаў: абвесткі пра прафесійныя конкурсы і навучанне, інтэрактыўны каляндар інфармацыйных нагодаў, каардынаты экспертаў, электронны даведнік з адрасамі і тэлефонамі СМІ і прэс-служб і г.д.

Акрамя таго, BAJ.by – гэта яшчэ і месца для наладжвання нефармальных дачыненняў і рэлаксацыі, якое, да таго ж, дазваляе больш дазнацца пра сваіх паплечнікаў і калег. Гэта рубрыкі “Журналісцкія байкі”, “Журналісцкія ляпы”, гульня “Дзе чый сябра?” і г.д.   

 

Нашы каштоўнасці:

  • Аб’ектыўнасць і дакладнасць. Пры падрыхтоўцы матэрыялаў мы заўсёды правяраем інфармацыю, з якой бы крыніцы яна ні трапіла да нас. Выключэнне складаюць матэрыялы, перадрукаваныя з крыніц, якія рэдакцыя лічыць вартымі даверу.
  • Збалансаванасць і неперадузятасць. Мы імкнемся падаць розныя пункты гледжання на тую ці іншую праблему. Калі гэта немагчыма зрабіць адразу, падаем іншы пункт гледжання ў разумны тэрмін пасля выхаду папярэдняга матэрыялу.
  • Незалежнасць. Мы не дапускаем скажэння фактаў у залежнасці ад інтарэсаў той ці іншай асобы ці групы асобаў.
  • Павага да асобы. Мы паважаем прыватнае жыццё, не дапускаем у матэрыялах зневажальных выразаў, паклёпу, распальвання нянавісці.
  • Абарона крыніц інфармацыі. Мы публікуем інфармацыю, атрыманую з канфідэнцыйных крыніц, толькі тады, калі ўпэўненыя ў гэтых крыніцах.

 

У сваёй працы журналісты сайта BAJ.by прытрымліваюцца наступных крытэраў:

  • Асвятляць падзеі неперадузята і як мага больш поўна, па магчымасці раскрываць усе істотныя фактары.
  • Пры асвятленні падзеяў не дапускаць уплыву на сваю працу з боку ўладаў, палітыкаў, бізнэсу, а таксама не выказваць асабістых сімпатый ні да якога з бакоў. Ацэначныя выказванні рэдакцыя лічыць дапушчальнымі толькі ў цытатах канкрэтных асобаў ці крыніц.    
  • Пазбягаць мовы нянавісці і варожага стаўлення.
  • З павагай ставіцца да крыніц інфармацыі, якія знаходзяцца ў стрэсавай сітуацыі, самі сталі ахвярамі злачынства ці маюць роднасныя сувязі з ахвярамі злачынства.
  • Абараняць свае крыніцы інфармацыі.

 

Рэдакцыя сайта BAJ.by:

  • Пры адборы тэм аддае перавагу дзейнасці грамадскага аб’яднання, а таксама падзеям у медыйнай сферы Беларусі.
  • Звяртае асаблівую ўвагу на маніторынг парушэння правоў журналістаў і свабоды слова на Беларусі.
  • Надае ўвагу культурніцкім, адукацыйным і камунікацыйным праектам.
  • Цэніць павагу з боку карыстальнікаў сайту і не злоўжывае гэтым даверам.
  • У выпадку ўзнікнення канфліктных сітуацый дае магчымасць выказаць усе пункты гледжання на праблему ў каментарах, на форуме сайта ці ў асобным матэрыяле, які можна даслаць праз зваротную сувязь на сайце.
  • Дае магчымасць каментаваць артыкулы, пакідае за сабой права рэдагаваць і нават выдаляць каментары, які ўтрымліваюць прамую абразу, паклёп, нецэнзурныя выразы ці распальваюць варожасць, нянавіць, носяць дыскрымінацыйны характар.
  • Выпраўляе дапушчаныя памылкі ў як мага больш кароткія тэрміны.
  • Пры перадрукоўцы матэрыялаў заўсёды ўказвае першакрыніцу інфармацыі і падае на яе наўпроставы лінк.
  • Выкарыстанне чужых тэкстаў не азначае, што сайт падтрымлівае пункт гледжання яго аўтара ці СМІ-першакрыніцы.

     

  • На сайце дзейнічае прэмадэрацыя каментароў. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за погляды, выказаныя чытачамі, але пакідае за сабой права выдаляць допісы, якія не адносяцца да тэмы, а таксама тыя, што ўтрымліваюць знявагі і асабістыя абразы пры тым, што зыходзяць ад ананімных карыстальнікаў.

 

Умовы перадруку матэрыялаў на сайце BAJ.by

Любы матэрыял, апублікаваны на сайце, можа быць скапіяваны і апублікаваны на любым іншым сайце ці ў СМІ, пры ўмове захавання інфармацыі аб аўтарстве і крыніцы запазычання і з указаннем гіперспасылкі на сайт BAJ.by (у электронных СМІ).