ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Рэдакцыйная палітыка сайта
Рэгістрацыя

Пра БАЖ

Палажэнне Пра Камісію па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (+ ПАСТАНОВЫ КАМІСІІ)

I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзенае Палажэнне вызначае пытанні вядзення, парадак стварэння і прынцыпы арганізацыі працы Камісіі па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (далей – БАЖ).

2. Камісія ў сваёй дзейнасці кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законам РБ "Аб сродках масавай інфармацыі", Статутам БАЖ, Дэкларацыяй прынцыпаў прафесійнай этыкі БАЖ, Кодэксам журналісцкай этыкі БАЖ і дадзеным Палажэннем, міжнароднымі дакументамі пра ўмацаванне незалежных і плюралістычных сродкаў інфармацыі.

3. Камісія па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ствараецца з'ездам БАЖ на тэрмін да чарговага з'езду з ліку асоб, вядомых у журналісцкай супольнасці сваімі высокімі прафесійнымі і маральна-этычнымі якасцямі. Колькасць сябраў Камісіі – сем чалавек. Сябры Камісіі па этыцы ажыццяўляюць сваю дзейнасць на грамадскіх пачатках.

4. Рада БАЖ і яго Праўленне, рэгіянальныя філіялы аказваюць садзеянне працы Камісіі па этыцы, у тым ліку ў пытаннях забеспячэння інфармавання грамадскасці пра яе рашэнні.

5. Дзейнасцю Камісіі кіруюць яе старшыня і яго намеснік,  якія абіраюцца на першым (арганізацыйным) паседжанні Камісіі.

6. Паседжанні Камісіі не носяць планавага характару, а праводзяцца па меры паступлення матэрыялаў для разгляду.

 

II. ПАЎНАМОЦТВЫ КАМІСІІ

Камісія:

- ажыццяўляе кантроль за выкананнем норм Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі БАЖ яе сябрамі пры ажыццяўленні імі сваіх прафесійных абавязкаў незалежна ад часу апублікавання дадзенага канкрэтнага матэрыялу;

- тлумачыць палажэнні Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі БАЖ. Камісія па этыцы валодае правам тлумачэння прынцыпаў і норм, замацаваных у Кодэксе журналісцкай этыкі БАЖ;

- праводзіць праверкі па фактах парушэння сябрамі БАЖ Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі і разглядае выпадкі парушэння сябрамі арганізацыі Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі

- абагульняе і прадстаўляе Радзе БАЖ рэкамендацыі па пытаннях выканання сябрамі арганізацыі Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі, выпрацоўвае рэкамендацыі Радзе БАЖ па ўжыванні да сябраў арганізацыі мер уздзеяння ў сувязі з парушэннем Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі;

- самастойна распрацоўвае і разглядае прапановы па ўнясенні змен у Кодэкс журналісцкай этыкі;

- Камісія па этыцы можа выказваць меркаванні з нагоды матэрыялаў і канфліктных сітуацый, аўтарамі і ўдзельнікамі якіх не з'яўляюцца сябры БАЖ. Камісія па этыцы можа па ўласнай ініцыятыве прымаць да разгляду любую справу пра парушэнне прынцыпаў і норм журналісцкай этыкі ў межах сваёй кампетэнцыі.

 

ІІІ. ПРАВАМ ЗВАРОТУ Ў КАМІСІЮ ПА ЭТЫЦЫ ВАЛОДАЮЦЬ:

- сябры ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

- органы дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, службовыя асобы, грамадскія аб'яднанні, іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы, зацікаўленыя ў маральна-этычнай ацэнцы прафесійнай дзейнасці пэўнага журналіста, галоўнага рэдактара, рэдакцыі, заснавальніка, выдаўца, распаўсюдніка ці ўласніка сродку масавай інфармацыі або дзяржаўнага органа ці службовай асобы, якая мае кампетэнцыю ў сферы масавай інфармацыі.

 

ІV. ПАРАДАК ПРАЦЫ КАМІСІІ

1. Паседжанні Камісіі праводзяцца па меры неабходнасці. Заява з просьбай пра разгляд канфліктнай сітуацыі падаецца ў Камісію па этыцы ў пісьмовай форме і разглядаецца ў разумна кароткі тэрмін, неабходны для яе склікання, вывучэння акалічнасцяў канфлікту і запрашэння ўсіх зацікаўленых асоб.

2. Пры правядзенні паседжання Камісіі дакументы і матэрыялы, якія падлягаюць разгляду, прадстаўляюцца старшыні Камісіі, сябрам Камісіі, запрошаным не пазней чым за 3 сутак да пачатку паседжання.

3. Паседжанні Камісіі склікае і праводзіць старшыня Камісіі, па яго даручэнні, намеснік старшыні Камісіі ці паседжанне Камісіі склікаецца па патрабаванні не меней чым трох сябраў Камісіі.

4. Паседжанні Камісіі могуць быць адкрытымі і закрытымі і з'яўляюцца правамоцнымі, калі на іх прысутнічае больш за палову ад агульнага ліку яе сябраў. Пытанне пра форму паседжання Камісіі вырашаецца большасцю галасоў прысутных сябраў Камісіі.

5. Па выніках кожнага паседжання Камісіі складаецца пратакол, які падпісваецца старшынёй Камісіі ці яго намеснікам.

6. Пры разглядзе канфліктнай сітуацыі ў адсутнасць зацікаўленых асоб Камісія па этыцы абмяжоўваецца даследаваннем прадстаўленых імі аргументаў і выносіць рашэнне, названае завочным.

7. Камісія па этыцы мае права адмовіцца ад разгляду канфліктнай сітуацыі па сутнасці, калі палічыць выпадак выходзячым за межы сваёй кампетэнцыі і/альбо не адпаведным мэтам дзейнасці Камісіі па этыцы, а таксама ў выпадку, калі канфлікт ужо ўрэгуляваны;

8. Камісія па этыцы можа ўстрымацца ад разгляду звароту, калі хаця б адзін з бакоў канфлікту мяркуе перанесці дадзеную спрэчку ў суд.

9. На паседжанне Камісіі могуць запрашацца заяўнікі, зацікаўленыя сябры БАЖ, іншыя асобы, прысутнасць і тлумачэнні якіх на паседжанні мэтазгодныя. На адкрытых паседжаннях Камісіі, па яе рашэнні, могуць прысутнічаць прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

10. Камісія разглядае пытанні, якія тычацца паводзінаў сябра БАЖ, толькі ў той частцы, у якой гэта можа быць ацэнена як парушэнне Кодэкса журналісцкай этыкі.

11. Па выніках разгляду Камісія прымае рашэнне, якое носіць рэкамендацыйны характар. Рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць прысутных на паседжанні сябраў Камісіі. У ім канстатуецца адсутнасць ці наяўнасць фактаў парушэння Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі, прапануюцца меры ўздзеяння ў адпаведнасці са Статутам БАЖ.

12. Камісія можа прыняць у дачыненні да сябра БАЖ наступныя меры ўздзеяння:

- прапанаваць сябру БАЖ прынесці публічныя прабачэнні, у тым ліку шляхам апублікавання адпаведнага матэрыялу ў СМІ.

- абвясціць сябру БАЖ публічную вымову;

- зафіксаваць факт парушэння сябрам БАЖ Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі; абвясціць  факт парушэння ў СМІ.

- прапанаваць даць тлумачэнне ў пісьмовай форме па пытанні парушэння сябрам БАЖ Кодэкса журналісцкай этыкі.

Камісія мае права перадаць рашэнне пытання пра парушэнне сябрам БАЖ Кодэкса журналісцкай этыкі Радзе БАЖ для прыняцця мер уздзеяння. Ужыванне мер уздзеяння за парушэнне прынцыпаў і норм журналісцкай этыкі не можа служыць самастойнай падставай для прыцягнення сябра БАЖ да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай ці іншай прававой адказнасці;

13. У выпадку асабістай зацікаўленасці аднаго ці некалькіх сябраў Камісіі па этыцы ў канкрэтнай сітуацыі, каб пазбегнуць канфлікту інтарэсаў, гэты сябра ці сябры Камісіі па этыцы адхіляюцца ад галасавання па дадзеным пытанні.

14. Сябры БАЖ, якія з'яўляюцца ініцыятарамі разгляду пытанняў у Камісіі, ці ў дачыненні да якіх маецца інфармацыя пра парушэнні імі Кодэкса журналісцкай этыкі, маюць права абскардзіць рашэнне Камісіі ў Раду БАЖ.

 

ПАСТАНОВЫ:

Камісія па журналісцкай этыцы ГА “БАЖ” разглядзела справу Еўцяхеева супраць Бяспалава

Камісія па этыцы БАЖ: Матэрыял «Сутнасць правакацыі» ўтрымлівае парушэнні этычных норм (пастанова)

Пастанова Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 25 ліпеня 2013 года (Зільбер - Чудзянцоў)

Пастанова Камісіі па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад 25 ліпеня 2013 года (platformarb.com – tut.by – mediakritika.by)

Камісія па этыцы БАЖ разгледзела два новыя «кейсы»

Камісія па этыцы БАЖ разгледзела яшчэ адну скаргу (пастанова)

Камісія па этыцы: У матэрыяле TUT.BY было парушэнне журналісцкай этыкі

Камісія па этыцы: у публікацыі “Народнай волі” не было парушэння (пастанова)

Камісія па этыцы: Парушаны прынцып паважлівага стаўлення да асобы

Пастанова Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 19 верасня 2014 года

Камісія па этыцы: у “Нашай Ніве” было парушэнне стандартаў

Пастанова Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 24 снежня 2014 года

Камісія па этыцы БАЖ: “Вечерний Могилёв” дапусціў грубыя парушэнні журналісцкай этыкі (пастанова)

Пастанова Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” ад 6 жніўня 2015 года

Палажэнне Пра Камісію па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Спампаваць (94.25 КБ)