Следства вядуць... аналітыкі: журналісцкае расследаванне (да 10 сакавіка)
Мінск-Вільня, 14.03.2015 - 31.05.2015.
Прагнеце змагацца з несправядлівасцю, выводзіць на чыстую ваду злодзеяў, але не ведаеце, як эфектыўна выкарыстаць сваю няўрымслівую журналісцкую энергію?
Журналісцкае расследаванне — найлепшы спосаб выявіць грамадскія хваробы, дапамагчы людзям зразумець іх прычыны і сутнасць, выклікаць імкненне да пераменаў.
На жаль, на гэтым шляху журналістаў падпільноўвае мноства перашкодаў.
Як пераадолець штучныя бар'еры?
Сваім досведам дзеліцца журналіст з больш чым 20-гадовым стажам Мікола Дзябёла.
АНОНС КУРСА
За час майстар-курса кожны навучэнец паспрабуе правесці ўласнае журналісцкае расследаванне. Разам з вядоўцам майстар-курса ён паступова пройдзе ўсе стадыі: ад выбару тэмы расследавання да напісання тэксту.
АПІСАННЕ КУРСА
Ахвотных праводзіць расследаванні сярод беларускіх журналістаў апошнім часам не вельмі шмат. Чаму адбыўся "крызіс жанру"?
Шмат хто з калегаў наракае на закрытасць беларускіх уладаў, якія засакрэчваюць нават самую бяскрыўдную інфармацыю. Сапраўды, здабыць інфармацыю, асабліва тую, якая кампраметуе ўладу ці канкрэтных службовых асобаў, у Беларусі цяжка. Але і замежным калегам, нават з дэмакратычных краінаў, гэта не заўсёды лёгка зрабіць. Кожная ўлада, якая мае свой «шкілет у шафе», заўсёды старанна хавае яго ад усюдыісных журналістаў.
Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, праводзіць журналісцкія расследаванні ў Беларусі — рэальна.
Падчас майстар-курса навучэнцы даведаюцца:
— Як знаходзіць крыніцы інфармацыі і кантактаваць з імі?
— Як выбраць тэму журналісцкага расследавання?
— Як працаваць з крыніцамі інфармацыі, каб не пераўтварыцца ў «зліўны бачок» для кампрамату?
— Як не трапіць на лаву падсудных і паклапаціцца пра сваю бяспеку падчас расследавання?
— Як лагічна і зразумела сканструяваць тэкст?
ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА:
Журналісты з Мінска і рэгіёнаў, якія ўжо маюць прафесійны досвед і хацелі б авалодаць жанрам журналісцкага расследавання.
ТЭРМІНЫ:
Курс “Следства вядуць... аналітыкі: журналісцкае расследаванне” стартуе ўстановачным заняткам 14 сакавіка 2015 года ў Мінску і завяршаецца заключнай сесіяй 30-31 мая 2015 года ў Вільні. Асноўная частка курса будзе ладзіцца дыстанцыйна на платформе Moodle.
Курс утрымлівае не менш за 8 практычных заняткаў, якія трэба будзе выконваць ва ўказаны трэнерам тэрмін.
Кожнаму ўдзельніку курса будзе прадастаўлена магчымасць кансультацыі з трэнерам, а таксама дэталёвы разбор выканання практычных заданняў.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «Investigation») ДА 10 CАКАВІКА 2015 ГОДА.
Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе.
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.