Аляксандр Алесін вызвалены пад падпіску аб нявыездзе (АБНОЎЛЕНА)
Аляксандар Алесін, вызвалены з СІЗА КДБ, лічыць сябе ні ў чым не вінаватым і перакананы, што яго падставілі людзі, зь якімі ён супрацоўнічаў.
Спадар Алесін паведаміў, што зь яго зьнятае абвінавачваньне ў здрадзе дзяржаве, цяпер яго абвінавачваюць толькі ў супрацоўніцтве з замежнымі спэцслужбамі, за што Крымінальным кодэксам прадугледжанае больш мяккае пакараньне, таму яго і выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе з СІЗА КДБ.
Па сутнасьці сваёй справы спадар Алесін заявіў:
«Я лічу гэта падставай з боку тых, з кім я супрацоўнічаў. Яўна ці няяўна мяне падставілі. Я нічога незаконнага не рабіў, браў інфармацыю з адкрытых крыніц».
Аляксандар Алесін не абверг і не пацьвердзіў, што яго затрымалі пасьля сустрэчы з заходнім дыпляматам, паколькі ён падпісаў падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў сьтледтва:
«Гэта блізка да ісьціны»,— сказаў ён.
Адваката Алесін мае пакуль толькі дзяржаўнага, але думае аб тым, каб знайсьці незалежнага абаронцу. Спадар Алесін зьбіраецца адпачыць да панядзелка, а потым выйсьці на працу ў сваю газэту «Беларусы і рынак».
Пакараньне, якое пагражае Алесіну, прадугледжанае арт. 356 Крымінальнага кодэксу «Супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, органам бясьпекі ці разьведвальным органам замежнай дзяржавы», — арышт на тэрмін да шасьці месяцаў ці пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.
Аляксандар Алесін быў затрыманы 26 ці 27 лістапада. Інфармацыя пра яго затрыманьне зьявілася ў беларускіх незалежных мэдыях ўвечары 4 сьнежня.
8 сьнежня стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі выставіў журналісту абвінавачаньне па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і 356.1 «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж».
Па гэтым артыкуле прадугледжаны тэрмін зьняволеньня ад 7 да 15 гадоў. Разам з Алесіным абвінавачваюць дыплямата адной з краін. Аляксандар Алесін не зьяўляецца асноўным фігурантам справы.
«Самае страшнае, што ў дыплямата, якога затрымалі разам зь ім (Аляксандрам Алесіным — РС), былі знойдзеныя нейкія сакрэтныя дакумэнты. Цяпер сьледзтва высьвятляе, ці ён (Алесін — РС) перадаў гэтыя дакумэнты. А калі ён, то адкуль узяў», — паведамілі сваякі. Аляксандар Алесін часта даваў камэнтары па вайсковых пытаньнях для Радыё Свабода і іншых незалежных мэдыя.
На гэтую ж тэму:
Журналісты пра справу Алесіна: Ні ў якім разе нельга маўчаць!
Аляксандру Алесіну выставілі абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве