Аляксандру Алесіну выставілі абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве
Аляксандар Алесін не з'яўляецца асноўным фігурантам справы. Паводле адваката, цягам месяца будуць праводзіцца следчыя дзеянні, і Алесін застанецца пад вартай.
– Сёння да нас тэлефанаваў званілі "адтуль" [маецца на ўвазе КДБ]. Паведамілі, што бацьку выстаўленае абвінавачанне па артыкуле 356 "Здрада дзяржаве" і 356 частка 1 "Выдача дзяржаўнай тайны замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж", – паведаміла дачка Алесіна Вольга.
Паводле гэтага артыкулу прадугледжана зняволенне на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.
Разам з Алесіным абвінавачанне высунутае супраць дыпламата адной з краін. Сваякі не ведаюць, што гэта за чалавек. Тым не менш, вядома, што ён не знаходзіцца ў зняволенні, бо абаронены дыпламатычным імунітэтам. "Нам паведамілі, што бацька не з’яўляецца асноўным фігурантам справы", – кажа Вольга.
"Сёння я спыталася супрацоўніка КДБ, ці можам мы наняць свайго адваката. На што ён адказаў, што пакуль у гэтым няма ніякага сэнсу, бо, магчыма, тату вызваляць пад падпіску аб нявыездзе па стане здароўя". Вольга Алесіна кажа, што яе бацька мае праблемы з сэрцам.
Стала дакладна вядома, што затрыманне Алесіна адбылося 25 лістапада, аднак яшчэ няма інфармацыі, дзе дакладна гэта здарылася. «У той самы дзень супрацоўнікі спецслужбаў прыязджалі да нас дадому, правялі ператрус, папрасілі сабраць рэчы».
У КДБ сітуацыю з Аляксандрам Алесіным па-ранейшаму не каментуюць.
Аляксандр Алесін — унікальны для Беларусі вайсковы аналітык. Ягонае меркаванне часта гучыць на старонках СМІ і канферэнцыях. Апошнія гады ён працаваў у газеце «Белорусы і рынок».
На гэтую ж тэму:
Аляксандра Алесіна затрымалі ў кавярні разам з дыпляматам эўрапэйскай краіны
Сын Аляксандра Алесіна: «У КДБ сказалі пачакаць да панядзелка. Магчыма, будзе інфармацыя»