Супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі журналістам трапіць на судовы працэс
6 мая незалежныя журналісткі, сябры ГА “БАЖ” Вольга Чайчыц і Аляксандра Дынько прысутнічалі ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, дзе меў адбыцца працэс над затрыманым 5 мая грамадскім актывістам Мікалаем Дземідзенкам.
Справу разглядала суддзя Людміла Лапо, аднак на слуханні журналістак не дапусцілі супрацоўнікі міліцыі. Прад’яўленне пасведчанняў не паўплывала на іх рашэнне. Па сведчаннях журналістак, міліцыянты паводзілі сябе нахабна і адмаўляліся назваць сябе.
Прыкладна праз паўгадзіны журналісткі ўсё ж здолелі трапіць на судовае пасяджэнне - пасля ўмяшальніцтва намесніка старшыні суда Мікалая Ліпневіча, які перапісаў іх дадзеныя і даў адпаведныя ўказанні супрацоўнікам міліцыі.
Самі журналісткі пасля інцыдэнту маюць намер звярнуцца са скаргамі на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.