“Свабоду Алесю!” – на вуліцах Стамбула

spring96.org

Удзельнікі 38-га Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), які сёння распачаўся ў Стамбуле, зладзілі шэсце з патрабаваннем вызвалення сваіх калегаў-палітвязняў – беларуса Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта FIDH, і бахрэйнца Набіла Раджаба, намесніка генеральнага сакратара FIDH. 

Пра гэта са Стамбула паведамляе намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які гэтымі днямі бярэ ўдзел у працы Кангрэсу.

“Пасля завяршэння першай часткі сённяшняга дня Кангрэсу ўдзельнікі мерапрыемства прайшліся па вуліцы, скандуючы лозунгі “Свабоду Алесю!”, “Свабоду Набілу!”, а таксама яны патрабуюць вызвалення турэцкіх журналістаў і праваабаронцаў, якія на сённяшні дзень знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах”, - распавёў Стэфановіч у тэлефоннай размове.

Нагадаем, з 23 па 27 траўня Стамбул прымае 38-ы Кангрэс Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), куды з'ехаліся прадстаўнікі звыш 200 НДА з 130 краінаў. Галоўная тэма мерапрыемтсва - "Палітычныя пераходныя працэсы і правы чалавека: вопыт і выклікі".