Замежныя журналісты на беларускіх выбарах
ГА "БАЖ" пагутарыла з некаторымі калегамі, што прыехалі асвятляць сёлетнюю выбарчую кампанію, а таксама пачытала замежную прэсу...
Фота з сайта ipc-bigyalta.org
Нядаўна прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных паведаміў ГА «БАЖ», што асвятляць сёлетнія парламенцкія выбары будзе 351 акрэдытаваны замежны журналіст, і што ніводнаму прадстаўніку СМІ ў акрэдытацыі не адмовілі.
Між тым, выглядае на тое, што «шлагбаўм» у выпадку неабходнасці закрываўся на ўзроўні амбасадаў.
Днямі на сайце нямецкага тэлеканала ZDF з’явіўся матэрыял журналісткі гэтага СМІ Аннэ Гелінэк, якой адмовілі ў беларускай візе без тлумачэння прычын. Паводле карэспандэнткі, у аддзеле прэсы беларускай амбасады ёй заявілі толькі, што яе візіт у Беларусь “непажаданы”.
Нагадаем, што здымачная група менавіта гэтага тэлеканала ў складзе аператара Дзмітрыя Рудакова і прадзюсара Аляксея Акулава “трапіла пад раздачу” 18 верасня на перадвыбарчым пікеце. Журналісты прыехалі ў Мінск у панядзелак, а ў аўторак ужо апынуліся ў пастарунку. Абодва маюць афіцыйную акрэдытацыю пры беларускім МЗС – пакуль што часовую, але чакаюць на сталую. Як высветліла ГА “БАЖ”, скардзіцца на дзеянні міліцыянтаў яны не збіраюцца, бо ў РУУС прыязджаў прадстаўнік амбасады, і ім прынеслі афіцыйныя прабачэнні.
“Лукашэнка бароніцца ад міжнароднага інфармавання, – робіць выснову Аннэ Гелінэк у сваім артыкуле. – Пра прычыну не цяжка згадагацца: ён аўтарытарна кіруе краінай ужо 18 гадоў, не хоча мець справу з замежнымі журналістамі, якія пішуць пра тое, як ён пераследуе, запалохвае і закрывае ў вязніцах людзей у сваёй краіне...”
У жніўні стала вядома пра адмову ў беларускай візе яшчэ адной нямецкай журналістцы - карэспандэнтцы “Дойчландрадыё” (“Deutschlandradio”) Гезінэ Дорнблют. Спн. Дорнблют, якая з лютага 2012 году працуе карэспандэнтам “Дойчландрадыё” ў Маскве, яшчэ ў сакавіку запытала гадавую беларускую візу, але праз некалькі месяцаў Міністэрства замежных справаў адхіліла яе запыт. “Летась Гезінэ Дорнблют рабіла крытычныя матэрыялы пра сацыяльнае становішча ў Беларусі, пры гэтым цытуючы крытыкаў беларускага кіраўніцтва”, - пісала тады нямецкае аддзяленне “Рэпарцёраў без межаў”.
Крытычныя публікацыі як прычына адмовы ў візе – такую версію вылучыў у размове з ГА “БАЖ” і дактарант Цэнтру даследавання палітычнай актыўнасці Еўропы французскага універсітэта Ren1 Віталь. Ён з 2009 года працуе над дысертацыяй “Асвятленне палітычных кампаній расійскімі і французскімі карэспандэнтамі на прыкладзе парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне і Беларусі” і цяпер якраз знаходзіцца ў нашай краіне.
“Мне падаецца, што адмовы ў візах адбываюцца не выпадкова. Магчыма, амбасады Беларусі ў гэтых краінах проста глядзяць, хто і што там піша пра Беларусь. Калі выходзяць дастаткова смелыя, крытычныя матрыялы, то ўлады Беларусі проста не даюць візаў іх аўтарам. Гэта маё меркаванне”, – кажа Віталь, які апытаў каля паўтара дзесяткаў замежных журналістаў, што працавалі ў Беларусі ў часе апошніх палітычных кампаній.
Па словах нашага суразмоўцы, замежнікі найбольш скардзяцца на няроўны доступ да прадстаўнікоў улады і апазіцыі. “Значна прасцей сустрэцца з апазіцыйнымі дзеячамі, чым з афіцыйнымі асобамі. Журналісты ўсведамляюць, што інфармацыя, магчыма, атрымліваецца не зусім аб’ектыўная, але час на яе збор вельмі абмежаваны”.
Між тым, не ўсе журналісты маюць на што паскардзіцца. Напрыклад, карэспандэнт французскай газеты “Le Figaro” П’ер Аўрыль кажа, што ніякіх праблем з працай у Беларусі ў яго не паўставала. Ён стала працуе ў Маскве, але зараз без усялякіх праблем атрымаў сталую акрэдытацыю і ў Беларусі.
“Я чакаў пэўных цяжкасцяў, але, магчыма, усё пройдзе лепш, чым я думаў”, – спадзяецца П’ер. – Калі я даведаўся, што 18 верасня затрымалі журналістаў, то баяўся. Але насамрэч я толькі пісьмовы рэпарцёр, і таму мне прасцей працаваць...”
Праблем з доступам да інфармацыі журналіст таксама не адчуў – напрыклад, у гэты прыезд ён сустракаўся з дэпутатам дзеючага парламента. Праўда, для гэтага давялося за 2 дні да сустрэчы паслаць яму афіцыйны запыт па факсе.
Дарэчы, 2 гады таму П’ер Аўрыль браў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі. “Можа, калі я даслаў просьбу аб акрэдытацыі, мяне ўзгадалі, і гэта спрыяла працэсу. Я не ўпэўнены, што гэта адыграла ролю, але можа быць”, – мяркуе карэспандэнт.