Міндлін: «Праўладны кандыдат спадабаўся мне болей за Фралова і Янукевіча»
Трансьляцыя дэбатаў прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ў Палаце прадстаўнікоў пятага скліканьня на тэлеканале «Беларусь-2» завяршылася ўвечары 13 верасьня.
З гэтай нагоды карэспандэнт «Свабоды» папрасіў экспэртаў і палітыкаў выказаць сваё меркаваньне пра агітацыйную кампанію, якая прайшла на тэлебачаньні.
Леанід Міндлін, экспэрт у галіне мэдыяў, кажа, што ўдзельнікі дэбатаў скардзяцца на кароткі час, які ім даецца ў эфіры:
«Мне здаецца, ня ў гэтым праблема. Бо калі табе ёсьць што сказаць, то гэта можна зрабіць і за 15 хвілін. Пры ўмове, што ты тэлевізійная асоба альбо ты над сабою папрацаваў. Трэба рыхтавацца. Сёньня час кліпаў, час кароткага эфіру. Няма ў нас такой магчымасьці, як ва Ўладзімера Салаўёва — весьці жывы эфір гадзінамі.
А калі людзі не рыхтуюцца, то тое, што я бачыў, зрабіла ўражаньне правінцыйнага-правінцыйнага спэктаклю.
Дарэчы, я глядзеў эфір з удзелам генэрала Фралова. Магу сказаць, што кандыдат, якога называюць праўладным, у эфіры спадабаўся мне болей за ўсіх. Там быў ён, а таксама кандыдат ад ЛДП, кіраўнік БНФ Янукевіч і Фралоў. На жаль, ні Фралоў, ні Янукевіч не падаліся мне ў гэтым эфіры цікавымі асобамі. Хоць Фралова я ведаю асабіста. У жыцьці ён значна цікавейшы, больш інтэлектуальны, чым у эфіры».
Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін кажа, што ад прагляду дэбатаў і выступаў па тэлебачаньні застаецца дваістае ўражаньне:
«Па-першае, ва ўсіх праўладных кандыдатаў выразна праглядаліся штампы, якія былі падрыхтаваныя ня ведаю кім — адміністрацыяй прэзыдэнта або некім іншым? Скажам, калі гаворка заходзіць пра мінулагоднюю дэвальвацыю і інфляцыю, то ў іх адказ аднолькавы: гэта наступствы ўсясьветнага крызісу. Калі кажуць, што ў Беларусі становіцца шмат разводаў, што шлюбы робяцца нетрывалымі, то адказ таксама стандартны: гэта недахопы выхаваўчай працы. І такія стэрэатыпныя адказы на пытаньні апанэнтаў праглядаліся адразу.
Па-другое, агульнае ўражаньне. Калі гэта звычайныя выступы, ды яшчэ ў фармаце «гаворачая галава», то шмат іх глядзець і нельга. Вельмі хутка ўсё прыядаецца. Дэбаты — гэта, зразумела, цікавей. Але што такое 5 хвілін на чалавека? За гэты час трэба нешта сказаць сваё, адказаць на пытаньні і задаць свае пытаньні. Часта было бачна, што кандыдат вагаецца: ці то яму задаваць пытаньні, ці то яму адказваць на пытаньні. Бо на тое і на тое часу не хапала.
Ну, а самае дрэннае — гэта тое, што і дэбаты, і выступы не ішлі ў жывым эфіры. Гэта калі ўжо не казаць пра цэнзуру, адвольныя адмовы даць эфір і г. д.