Алесь Анціпенка: “Беларусь уступіла ў перыяд агульнапалітычнага застою...”
“У правядзенні выбарчай кампаніі ды ў яе асвятленні выразна праглядаюцца рысы агульнапалітычнага застою, якія часам памылкова кваліфікуюць як палітычную стабільнасць”.
Гэта адна з высноваў, да якіх прыйшла маніторынгавая група ГА “БАЖ” у часе працы над другім бюлетэнем “Асвятленне парламенцкіх выбараў 2012 г. у беларускіх СМІ”. 4 верасня справаздачу №2 прэзентавалі ў офісе ГА “БАЖ”.
Чарговая справаздача ахоплівае перыяд з 20 па 31 жніўня. Нягледзячы на тое, што менавіта ў гэты час распачаўся этап агітацыі кандыдатаў (у тым ліку іх выступы на тэлебачанні і радыё), характар асвятлення кампаніі ў СМІ ў цэлым не змяніўся, а тэма выбараў не стала прыярытэтнай. “Акрамя хіба што рэсурсу naviny.by, які асвятляе дзейнасць рэкорднай колькасці суб’ектаў выбарчага працэсу - 26-і», - дадае сп. Анціпенка.
“Паколькі выступы транслююцца ў запісе, іх лёгка цэнзураваць, і пра такія выпадкі шырока паведамлялі недзяржаўныя медыя... Выступы кандыдатаў анансуюцца ў друкаваных праграмах тэлеперадач як “выбары-2012” – няма згадкі ні прозвішчаў, ні партыйнай прыналежнасці. Такім чынам, адбываецца дэперсаналізацыя асноўных удзельнікаў выбарчага працэсу”, - адзначае эксперт.
Аналізу выступаў кандыдатаў у СМІ будзе прысвечана наступная прэс-канферэнцыя маніторынгавай групы, запланаваная на 18 верасня. Тым не менш, пэўнымі назіраннямі Алесь Анціпенка падзяліўся ўжо цяпер.
“У нашай краіне інфармацыя ідзе зверху ўніз, камунікацыя па гарызанталі адсутнічае, людзі не схільныя да дыялогу. Усё гэта вельмі яскрава праяўляецца ў часе дэбатаў. Нават у палітыкаў няма навыкаў эфектыўна камунікавацца – большасць здольная толькі на маналог, што ёсць прыкметай любога таталітарнага і аўтарытарнага грамадства. Камунікацыя як абмен меркаваннямі адсутнічае – гэта, хутчэй, абмен перадвызначанымі месыджамі, а не свабодны абмен думкамі.”
Адзін з графікаў, пададзеных у бюлетэні №2 (клікніце, каб павялічыць):
Бюлетэні:
Асвятленне парламенцкіх выбараў 2012 г. у беларускіх СМІ, Бюлетэнь №2 (20 – 31 жніўня 2012 г.)