Пра што кандыдатам у дэпутаты нельга казаць у тэле- і радыёзваротах?


ЦВК спасылаецца на Выбарчы кодэкс і лічыць, што нельга агітаваць за байкот. Апаненты спасылаюцца на Выбарчы кодэкс і кажуць, што агітаваць за байкот законна.

“Байкотчыкам” перакрылі дарогу на дзяржаўныя СМІ. Прычым, паводле слоў гомельскага кандыдата Васіля Палякова, тлумачэнняў, за што яго выступ знялі з эфіру, ён не атрымаў.

Васіль Палякоў: “Тэлефанаваў у Цэнтральную камісію Лазавіку, ён сказаў, што рашэнне канкрэтна па маім выступе не прымалася Назіральнай радай пры ЦВК і майго прозвішча ў гэтым рашэнні няма. Але ёсць рэкамендацыі, якія яны накіравалі тэлерадыёкампаніям. У тэлерадыёкампаніі “Гомель” мне паказалі паперу з рашэннем Назіральнай рады №2, дзе майго прозвішча няма, і сказалі, што на падставе гэтага яны знялі выступ з эфіру”.

Дык што кандыдатам можна, а што — не?

Еўрарадыё ўважліва перачытала тое самае рашэнне Назіральнай рады. З яго вынікае, што выступ Палякова, як і іншых кандыдатаў ад АГП, знялі з эфіру законна: іх змест парушаў 115-ы артыкул Выбарчага кодэкса. А там прапісана, што, маўляў, перадвыбарная агітацыя — “гэта дзейнасць, якая мае мэтай схіліць выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах, галасавання за тых ці іншых кандыдатаў, альбо супраць іх”. Заклікі ж да байкоту, тлумачыць Еўрарадыё старшыня камісіі Лідзія Ярмошына, агітацыяй не з’яўляюцца, і ім не месца ў эфіры тэлебачання і радыё.

Лідзія Ярмошына: “Выступы кандыдатаў у дэпутаты, якія ўтрымліваюць заклікі да байкоту выбараў, не могуць быць аднесеныя да катэгорыі перадвыбарнай агітацыі. Адпаведна, менавіта на гэтыя выступы бясплатныя магчымасці дзяржаўных тэле- і радыёканалаў прадастаўляцца не павінны. І Цэнтральная камісія дадзенае рашэнне цалкам пацвердзіла”.

Што цікава: байкот у Выбарчым кодэксе ўзгадваецца толькі аднойчы. Артыкул 45 папярэджвае: “агітацыя” (у тым ліку заклікі да байкатавання выбараў, рэферэндума) у дзень галасавання не дапускаецца”. Атрымліваецца, у іншыя дні агітацыйнай кампаніі заклікаць да байкоту можна? Так, упэўнівае эксперт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер. І спасылаецца на той жа 45-ы артыкул Выбарчага кодэкса, які тычыцца агітацыі.

Сяргей Альфер: “Байкот — гэта таксама агітацыя — няўдзела ў выбарах. А паколькі ўзгадваецца ён у Выбарчым кодэксу, то адносіцца да перадвыбарнай агітацыі. Гэта адзін з элементаў перадвыбарнай агітацыі. Бо грамадзяне могуць удзельнічаць у выбарах, могуць не ўдзельнічаць, могуць галасаваць за ці супраць тых ці іншых кандыдатаў. А для гэтага грамадзяне маюць права агітаваць за пэўных кандыдатаў, агітаваць супраць пэўных кандыдатаў і агітаваць супраць удзелу ў выбарах — наша заканадаўства гэта дазваляе”.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што рашэнні Назіральнай рады маюць рэкамендацыйны характар, выконваць якія рэдакцыі не абавязаныя.

Сяргей Альфер: “Калі ў выступах няма заклікаў да нацыянальнай ці сацыяльнай варожасці, звяржэння канстытуцыйнай улады, яны павінны іх даваць у эфір. Інакш гэта з’яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі — правам на свабоду думак і выказванняў”.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец упэўнены, што рэдакцыі ўвогуле не павінны прыслухоўвацца падчас выбарчай кампаніі да чыіхсьці рэкамендацый.

Андрэй Бастунец: “Хай пасля разбіраецца Цэнтравыбаркам ды іншыя камісіі. СМІ дае магчымасць выступіць кандыдату і ўнікаць у сэнс яго выступу, калі там няма “крымінальных” заклікаў, не мусіць ні рэдакцыя, ні тэлерадыёкампанія”.

Чаму рэдакцыі прынялі да абавязковага выканання рэкамендацыі Назіральнай рады пры ЦВК, ці не лічаць яны гэта парушэннем Канстытуцыі? У тэлерадыёкампаніі “Гомель” гавораць, што на пытанне Еўрарадыё згодны адказаць толькі пісьмова, пасля афіцыйнага запыту. У Белтэлерадыёкампаніі паабяцалі знайсці супрацоўніка, які здольны адказаць на гэта пытанне. Але, відаць, і не знайшлі...

У адказ “байкотчыкі” вырашылі змяніць тактыку. У сваім выступе кандыдат ад АГП Уладзімір Раманоўскі заклікае да байкоту не наўпрост, а “эзопавай мовай”.  Спадзяецца, што  выбаршчыкі зразумеюць.