У Гомелі цэнзары не пускаюць у эфір тэлевыступы кандыдатаў ад АГП


На тэлеканале “Беларусь-2” 29 жніўня не паказалі выступ кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе №36 Уладзіміра Няпомняшчых.

“Калі я прыйшоў у студыю тэлерадыёкампаніі “Гомель” на запіс, з’явілася намесніца дырэктара, паглядзела на маю майку з надпісам “За Беларусь без Лукашэнкі” і прапанавала пераапрануцца: маўляў, у такім выглядзе могуць не прапусціць у эфір. Мяне пазнаёмілі таксама з некаторымі артыкуламі Кодэксу “Аб адміністрацыйных правапарушэннях”, датычных абразы, прапаганды насілля і жорсткасці, а таксама міжнацыянальнай варажнечы. Пасля мяне запісалі – нічога забароненага я не казаў. Гаварыў толькі пра тое, што выбараў няма – і людзям няма чаго ісці на выбарчыя ўчасткі. Сказаў і пра цяжкае эканамічнае становішча краіны як вынік праўлення рэжыму Лукашэнкі”, – паведаміў Уладзімір.

На думку кандыдата, яго тэлевыступ не выпусцілі ў эфір  з-за майкі з надпісам, закліку да байкоту выбараў і публічнае  падсумаванне вынікаў 18-гадовага праўлення Аляксандра Лукашэнкі.

Уладзімір мае намер разабрацца, хто канкрэтна забараніў ягоны зварот да выбарцаў і звярнуцца ў суд па аднаўленне справядлівасці, а калі спатрэбіцца, то і ў Камітэт ААН па правах чалавека.

29 жніўня ў радыёэфіры не прагучаў таксама выступ кандыдата ў дэпутаты Палады прадстаўнікоў у Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе №34, старшыні рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова – у адведзеныя яму 5 хвілін час па правадной сетцы круцілі музыку. Напярэдадні і тэлевыступ кандыдата Палякова не прайшоў цэнзуру.