На гомельскім тэлебачанні кандыдату ад АГП прапанавалі пераапрануцца
27 жніўня кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе №36, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчых прыйшоў у студыю мясцовага тэлерадыёаб’яднання запісаць свой відэазварот да выбарцаў у футболцы з надпісам: “За Беларусь без Лукашэнкі”.
“Я, відаць, крыху шакаваў іх сваёй майкай, таму што да пачатку запісу прыйшла намесніца дырэктара, як я потым даведаўся, і ветліва прапанавала мне на ўсялякі выпадак пераапрануцца, бо ў гэтай майцы мяне могуць не прапусціць у эфір. Але я адмовіўся мяняць вопратку”, - паведаміў карэспандэнту маніторынга Уладзімір Няпомняшчых.
Намесніца дырэктара папярэдзіла кандыдата, што будзе кансультавацца з акруговай камісіяй – пускаць у эфір запісаны відэазварот з такім надпісам на майцы ці не.
Кандыдат мае на гэты конт сваё меркаванне: “Нічога крымінальнага ў надпісе на футболцы няма – ні заклікаў да гвалту, ні заклікаў да распальвання міжнацыянальнай варожасці. Калі з-за надпісу мяне здымуць з эфіру, я буду лічыць, што мяне як кандыдата пазбавілі законнай магчымасці звярнуцца да выбарцаў”.
Па словах кандыдата, у телезвароце ён нагадаў гамельчукам, што на выбары ісці няма сэнсу: “Выбараў у краіне няма, людзей у парламент прызначаюць. Ужо зараз можна пайменна назваць 110 чалавек, якія прызначаны дэпутатамі ў Палату прадстаўнікоў. Апрача таго, улады не выканалі ўмовы АГП – не вызвалі з турмаў ўсіх палітзняволеных і не ўключылі актывістаў партыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. З гэтай прычыны Уладзімір мае намер да пачатку датэрміновага галасавання адмовіцца ад кандыдацтва.