Кандыдаты ад АГП скарыстаюць усе медыя-магчымасці
Усе 35 зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) маюць намер скарыстаць усе магчымасці як дзяржаўных, так і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі падчас агітацыйнай кампаніі. Пра гэта на брыфінгу для журналістаў 23 жніўня заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Па словах палітыка, кандыдаты робяць стаўку на выступы па тэлебачанні і радыё, хоць яны і будуць транслявацца ў запісе.
“У мяне ўжо будзе эфір на Радыё “Сталіца” 29 жніўня ў 17.00, і калі вы нічога ў гэты час не пачуеце, то гэта будзе нагода для новай размовы. Таксама мой выступ па тэлеканалу “Беларусь-1” 5 верасня ў 19.40. Гэта тое, што будзе запісана загадзя і пойдзе ў эфір. Мы зараз робім такую сетку па ўсіх нашых спікерах (так называюць сябе кандыдаты ў дэпутаты ад АГП – прэс-служба БАЖ), і я спадзяюся, што ўсе гэтыя выступы прагучаць, - адзначыў Анатоль Лябедзька. – Мы не выключаем, што можа быць цэнзура – альбо частковая, альбо поўная. Тады мы будзем апеляваць да незалежных сродкаў масавай інфармацыі, да інтэрнэт-прасторы, да сацыяльных сетак, і нашы выступы ўсё роўна пойдуць пад грыфам “Забаронена”, “Цэнзура”. І я думаю, што нейкую дадатковую хвалю цікавасці мы атрымаем”.
Што тычыцца дэбатаў, то, по словах Анатоля Лябедзькі, ён ужо напісаў пратэст з нагоды фармату іх трансляцыі ў запісе.
“Такі фармат, з аднаго боку, для нас непрымальны, таму што гэта архаічна, таму што ў сённяшняй сістэме ён дае магчымасць маніпулявання і вельмі моцнага цэнзуравання, якое скажае змест перадачы. Але мы ўсім нашым спікерам далі жорсткае ўказанне, каб яны падчас лёсавання перадавалі сваю заяўку і згоду на ўдзел у так званых дэбатах, - паведаміў кіраўнік АГП. – Што цікава: з той інфармацыі, якую мы зараз атрымліваем, у тым ліку і з рэгіёнаў, практычна ўсе кандыдаты ад улады масава адмаўляюцца ад дэбатаў нават у такім усечаным фармаце. Нас таксама здзівіла, што і прадстаўнікі іншых, няўладных структураў не выяўляюць асаблівай цікавасці да ўдзелу ў дэбатах. Я думаю, што трэба ўвесь эфірны час скарыстаць для таго, каб данесці да выбаршчыкаў нашы пасланні. Так што ўсе нашы 35 спікераў гатовы да ўдзелу ў дэбатах. 35 спікераў выйдуць у эфір па радыё і тэлебачанню, хоць, на вялікі жаль, і ў запісы, і данясуць свой мэсыдж да людзей”.